Выбарчы кодэкс збіраюцца ўпрыгожыць

У сярэдзіне студзеня ў Мінску пройдуць кансультацыі з БДІПЧ АБСЕ, якія тычацца іх рэкамендацый па змене беларускага выбарчага заканадаўства. Пра гэта паведаміла журналістам 17 снежня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Раней Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржорганам разгледзець разам з БДІПЧ АБСЕ гэтыя рэкамендацыі. У выніковым дакладзе місіі назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, які быў апублікаваны 29 лістапада гаворыцца, што, нягледзячы на "некаторыя паляпшэнні", выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ.
У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для "сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўнага стаўлення да кандыдатаў з боку ўладаў" і "замінае правядзенню выбараў" у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Эксперты зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі "не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрынь з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня".

Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі "з-за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў", падкрэсліваецца ў дакладзе. Акрамя таго, абмежаванні з боку дзяржорганаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да "мінімуму месцаў для сустрэч, фінансавання кампаніі і доступу да СМІ". На думку экспертаў місіі, усё гэта "стварае магчымасці для фальсіфікацый".

Удзел у кансультацыях з БДІПЧ АБСЕ возьмуць ЦВК, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, парламенцкія структуры. Аднак прадстаўнікі апазіцыі не запрошаныя, хаця свае прапановы па змене выбарчага заканадаўства не раз вылучалі.

"На сёння АДС падрыхтавалі праект закона аб зменах і дадатках у законы Беларусі па пытаннях выбараў і рэферэндумаў", — паведаміў БелаПАН юрыст Сяргей Альфер. Пры гэтым, зазначыў Альфер, прапановы апазіцыі супадаюць "ледзь не слова ў слова" з тымі рэкамендацыямі, што ўтрымліваюцца ў заключным дакладзе БДІПЧ АБСЕ.