Выбух у кватэры ў Гродне (фота, відэа)
Яго справакаваў аэразольны дэзадарант.
У Гродне ў кватэры шматпавярховага дома па вуліцы Ліможа ў нядзелю ўвечары адбыўся выбух. На месца тэрмінова выехалі ратавальнікі, медыкі, міліцыянеры і супрацоўнікі гаргазу. Высветлілася, што ў кватэры на другім паверсе выбух адбыўся з-за аэразольнага балончыка.
Як інфармуе прэс-служба МНС, 41-гадовая гаспадыня і яе дзеці (студэнтка і школьнік) на момант здарэння былі ў адным пакоі, яны не пацярпелі. Балончык стаяў у спальні на камодзе ля люстэрка. Побач з ім каля іконкі напярэдадні Вадохрышча запалілі свечку. Балончык паступова нагрэўся, разгерметызаваўся, пакой запоўніўся небяспечнай сумессю высокай канцэнтрацыі, якая ў "дуэце" з агнём і стала прычынай выбуху.
Пажару не ўзнікла, аднак выбуховая хваля выбіла шкло ў вокнах і міжпакаёвыя дзверы.




Фота, відэа: МНС