Выдадзеная кніга пра палітвязня Сяргея Парсюкевіча

Кнігу пра палітвязня Сяргея Парсюкевіча выдалі ў Віцебску. Яе падрыхтаваў мясцовы камітэт "За свабоду Сяргея Парсюкевіча". Кніга складаецца з матэрыялаў незалежных СМІ, якія былі прысвечаныя гісторыі зняволення старшыні Савета прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебску, актывіста руху "За Свабоду". Выданне не толькі атрымаюць прадпрымальнікі, але і прадстаўнікі ўладных структураў, адзначае сайт Аляксандра Мілінкевіча.

Нагадаем, Сяргей Парсюкевіч ў красавіку быў асуджаны на 2,5 гады турмы за, нібыта, збіццё супрацоўніка мінскага ізалятара часовага ўтрымання падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту за ўдзел у вулічнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Сам Парсюкевіч сцвярджаў у судзе, што насамрэч міліцыянты жорстка збілі яго.