Выратавальнікі Віцебшчыны шукаюць лебядзёў

У Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці выратавальнікі шукаюць лебядзіную чараду. Падрабязнасці «спецаперацыі» ў матэрыяле нашай карэспандэнткі Ядвігі Сташэўскай:

«Чатыры дні запар супрацоўнікі Шумілінскага раённага аддзела па надзвычайных здарэннях ратуюць чараду лебядзёў. Першы званок выратавальнікі атрымалі у пятніцу, 26 студзеня.


Жыхары пасёлка Прыазёрны паведамілі, што 36 птушак прымёрзлі да лёду на Шумілінскім возеры. Выратавальнікі вызвалілі птушак з ледзянога палону. У той дзень шумілінскім выратавальнікам давялося выязджаць па падобных выкліках яшчэ некалькі разоў.


Але гісторыя на гэтым не скончылася. Чарада птушак, якую выратавалі на Шумілінскім возеры, яшчэ некалькі разоў трапляла ў непрыемнасці на іншых азёрах.


Нарэшце, выратавальнікі вырашылі адлавіць птушак ды адвезці іх у Новалукомль, дзе побач з гідраэлектрастанцыяй ёсць водасховішча, вада у якім не замярзае, ці на Гарадоцкую птушкафабрыку, каб лебядзёў прытулілі там да вясны.


Але перш чым адлавіць, небарак трэба адшукаць, чым зараз і займаюцца выратавальнікі».

Фота з сайту nature.ok.ru