Выратавальныя працы на мясакамбінаце ў Слуцку працягваюцца

Выратавальнікі працягваюць працы па асаджэнні пароў аміяку на мясакамбінаце ў Слуцку. Як інфармуе "Інтэрфакс", канцэнтрацыя іх на цяперашні момант перавышае норму ў 3 разы. У сумежных памяшканнях цэха, дзе адбылася ўцечка аміяку, паказчыкі ўжо дасягнулі нормы.  Выратавальнікі паведамляюць, што ў стане пяцярых пацярпелых работнікаў змен няма: 3 чалавекі знаходзяцца ў рэанімацыі, 1 — у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў гарадской лякарні ў Слуцку. Адзін чалавек пераведзены ў Менск, у рэспубліканскі апёкавы цэнтр.

Пракурор Слуцкага раёна Віталь Іскрыцкі заявіў, што з нагоды здарэння вядзецца праверка. Але пакуль што пракуроры не могуць агледзець месца здарэння з-за высокай канцэнтрацыі аміяку.

Пракурор пацвердзіў, што адна з папярэдніх версій здарэння — разрыў трубы халадзільнай камеры ў месцы зварачнага шва. Нагадаем, што ўцечка каля 200 кг аміяку на мясакамбінаце ў Слуцку адбылася 18 ліпеня, прадпрыемства працавала ў рэжыме выходнага дня. Адзін чалавек загінуў на месцы, пяцёра шпіталізаваныя ў цяжкім стане.