Выстава Салідарнасці адкрыецца 19 студзеня

Грамадзянская кампанія "Анёл-ахоўнік" рыхтуе выставу Салідарнасці, прысвечаную Плошчы-2010 — усім, хто быў арыштаваны і пацярпеў, хто ўдзельнічаў у акцыях салідарнасці. Адкрыццё прызначанае на 19 студзеня — роўна праз месяц пасля тых падзей, якія завяршылі прэзідэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі.

На выставе будуць прадстаўленыя фота, якія адлюстравалі, як адбываўся збор рэчаў і ахвяраванняў, падрыхтоўка перадачаў, а таксама паштоўкі і многае іншае.

Арганізатары прапаноўваюць усім жадаючым падзяліцца сваімі экспанатамі — малюнкамі, фатаграфіямі, мастацкімі вырабамі, якія маюць сімвалічнае значэнне. А тыя, хто адбыў арышт, могуць прынесці свае турэмныя творы, запісы і дзённікі.

Словы падзякі і падтрымкі можна будзе пакінуць на "Дошцы салідарнасці".

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", выстава адкрыецца 19 студзеня ў памяшканні сядзібы БНФ па вул. Машэрава, 8.