Выступ Metallica будуць трансляваць у кінатэатрах

Чатыры класікі хэві-металу Metallica, Slayer, Megadeth  і Anthrax зробіць падарунак сваім прыхільнікам, якія па якіх-небудзь прычынах не здолеюць наведаць канцэрты гэтых гуртоў у межах будучага фэсту Sonisphere.  Назіраць за выступамі монстраў цяжкага року можна будзе ў рэжыме прамой трансляцыі, седзячы ва ўтульным крэсле ў кінатэатры.

«Не зможаце прысутнічаць на нашых летніх канцэртах у Еўропе? Не праблема! – паведамляюць музыкі Metallica на сваім сайце. – З дапамогай магіі спадарожнікавых тэхналогій мы з'явімся на месцы вашага жыхарства! Выступ Metallica, Slayer, Megadeth і Anthrax на балгарскім Sonisphere у Сафіі 22 чэрвеня будзе транслявацца адначасова на экранах 350 кінатэатраў - у ЗША, Канадзе, Еўропе і Лацінскай Амерыцы».

Са спісам кінатэатраў можна азнаёміцца на адмыслова створаным сайце TheBigFourLive. Кошт квіткоў на «жывую трансляцыю» складзе 20-25 долараў.

Варта адзначыць, што азнаёміцца з балгарскім выступам гуртоў здолеюць і жыхары Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі, Японіі і Новай Зеландыі – але не ў жывым эфіры, а ў запісе, а адбудзецца гэта з-за вялікай розніцы ў часе.

Нагадаем, што еўрапейскі Sonisphere стартуе 16 чэрвеня ў Варшаве і праедзецца па тэрыторыі Швейцарыі, Чэхіі, Грэцыі, Румыніі і Турцыі. У розных краінах суправаджаць Вялікую чацвёрку будуць Rammstein, Alice In Chains, Mastodon, Manowar і Stone Sour.

Фота: zmemusic.com