Выйшла карта беларускіх мясцін у Празе

Беларускія студэнты Карлава ўніверсітэту ў Чэхіі Павел Котаў, будучы гісторык, і Зміцер Кожух, які вучыцца на картографа, стварылі карту беларускіх мясцін Прагі. Карта «Беларуская Прага» была выдадзеная пры фінансавай падтрымцы пасольства Беларусі. Выйшла яна накладам 1110 экзэмпляраў. Аўтары падаюць 22 беларускія адрасы — з кароткай гістарычнай інфармацыяй, фота і прывязкай да транспартнай схемы Прагі.

Шэраг адрасоў звязаныя з гістарычнымі падзеямі, што аб’ядноўвалі беларусаў і чэхаў яшчэ з часоў ВКЛ. Шмат адрасоў дадаюць пражскім вуліцам персанальны змест: карта падкажа, дзе знайсці дамы, у якіх жылі Ларыса Геніюш, Міхась Забэйда-Суміцкі ці Васіль Быкаў, паведамляе газета "Наша Ніва".