Вызначаныя самыя папулярныя праграмы для iPhone і iPad за пяць гадоў
Публікацыя чартаў прымеркаваная да пяцігоддзя App Store, якое святкуюць 10 ліпеня.
Спіс самых папулярных бясплатных праграм для iPhone узначаліла сацсетка Facebook. За ёй ідзе музычная праграма Pandora Radio, Instagram, YouTube, Skype, гульня са словамі Words With Friends, надвор'е The Weather Channel, Twitter, гульня Temple Run і пошукавая праграма Google.
У чарце платных праграм для iPhone на першым месцы апынулася гульня Angry Birds. У дзясятку ўвайшлі яшчэ сем гульняў: Fruit Ninja, Doodle Jump, Cut the Rope, Angry Birds Seasons, Words with Friends, Tiny Wings і Angry Birds Space. Апроч іх, у спіс патрапілі месэнджар WhatsApp і праграма Camera+.
Сярод уладальнікаў iPad самай папулярнай бясплатнай праграмай стаў Skype. За ім, у парадку змяншэння папулярнасці, ідуць The Weather Channel, відэасэрвіс Netflix, Angry Birds, чыталка Kindle, Facebook, Pandora Radio, калькулятар, Fruit Ninja і Words With Friends.
У платным чарце ў лідарах рэдактар дакументаў Pages. Далей ідуць гульні (тры часткі серыяла Angry Birds, “Кракадзільчык Свомпі”, Fruit Ninja, Words With Friends і Cut the Rope), музычная праграма GarageBand і рэдактар прэзентацый Keynote.
У сувязі з пяцігоддзем App Store кампанія Apple на некалькі дзён зробіць дзесяць папулярных у краме платных праграм і гульняў бясплатнымі.
App Store пачаў працу 10 ліпеня 2008 года, за дзень да прэзентацыі iPhone 3G. Да гэтага ўладальнікам смартфонаў даводзілася здавольвацца перадусталяванымі праграмамі і вэб-прыладамі.
На момант запуску ў App Store налічвалася 552 прылады. Цяпер іх больш за 900 тысяч, паведамляе Lenta.ru.
Фота: www.imore.com.