Weezer выдаюць трэці дыск без назвы

Лос-анжалескія рокеры Weezer вырашылі не прыдумляць назвы для свайго новага альбому. Дыск выйдзе са сціплым надпісам Weezer. Гэты альбом стане трэцяй «безназоўнай» кружэлкай у дыскаграфіі Рыверса Куома і каманды.

Папярэднія два альбомы з такімі ж назвамі датуюцца 1994-м і 2001-м гадамі. Адрозніваюцца яны звычайна па колеры вокладак: першы называюць «Сінім», а другі – «Зялёным альбомам».

Якога колеру будзе новая кружэлка, пакуль не вядома, таксама невядомы і яе трэк-ліст.

Вакаліст гурта Рыверс Куома характарызуе запіс як «мясісты, перчаны і меладычны – якой і павінна быць сапраўдная кружэлка ад Weezer».

Паводле словаў музыкі, «яна больш удасканаленая, вытанчаная і авантурная. Кожны пачуе падборку змрочных і выдатных песень нетрадыцыйнай структуры».

Нагадаю, што апошнім на сёння альбомам рокераў з'яўляецца кружэлка пад назвай «Make Believe», якая была выдадзена ў 2005 годзе.

Новы альбом з'явіцца ў музычных крамах 17 чэрвеня.

Фота: www.zmemusic.com