Як кандыдатам замінаюць рабіць рэкламу?

У самым разгары “медыя-цішыня”. Выступы кандыдатаў па радыё і тэлебачанні ўжо скончыліся. Тым часам на шляху да самарэкламы ў кандыдатаў з’яўляюцца перапоны. Еўрарадыё даведалася, што замінае прэтэндэнтам на вышэйшую пасаду весці агітацыю, размяшчаць рэкламу і разбураць “медыя-цішыню”.

У Віцебску кандыдату ў прэзідэнты Рымашэўскаму адмовілі ў правядзенні сустрэчы з выбаршчыкамі ў дзевяці месцах. Гэта былі працоўныя калектывы, будынкі адміністрацыі. 

Спачатку пагаджаюцца, пасля адмаўляюцца. Ужо і ў Гомелі таксама. Нават там, дзе давалі месца выступаць Саннікаву, — ужо там адмаўляюць. Мы напісалі скаргу, падалі ў раённую камісію. Мяркую, у іх пайшоў загад спыняць гульню ў дэмакратыю”, — паскардзіўся Еўрарадыё Віталь Рымашэўскі.

Паводле словаў кандыдата, яму адмовілі ў сустрэчы з выбаршчыкамі на заводзе “Віцязь”. З карэспандэнтам Еўрарадыё кіраўніцтва завода на гэты конт размаўляць адмовілася. Маўляў, усе тлумачэнні далі даверанай асобе кандыдата. 

Кандыдат дадае, што нават на дазволеныя сустрэчы прыходзяць "адмыслоўцы", якія спрабуюць замінаць і зрываць спатканні з выбаршчыкамі.

Уладзімір Някляеў у сваю чаргу не можа размясціць рэкламныя ролікі ні на радыё, ні на тэлебачанні.

Праблема адна — нам не даюць размясціць рэкламу Някляева. Гэта робіцца ці то па надуманых прычынах, ці наўпрост кажуць, маўляў, мы хвалюемся за сваю будучыню. Мы хочам гэта аплаціць з нашага выбарчага рахунку, але — не. Вось такая інфармацыйная блакада і самацэнзура”, — кажа кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў.

Еўрарадыё звярнулася на адну з радыёстанцый, дзе, паводле словаў прэс-сакратаркі Някляева, ім адмовілі ў рэкламе. Але там нам адказалі, што да іх з такімі прапановамі не звярталіся. 

У штабе Андрэя Саннікава сцвярджаюць, што рэкламе не даюць праіснаваць больш за дзве гадзіны. 

Так, абвесткі аб сустрэчах і плакаты ў хуткім часе нехта зрывае, распавёў прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў:

Знішчаюць інфармацыйныя матэрыялы ў гарадах. У сярэднім плакат вісіць дзве-тры гадзіны. Яшчэ тое, што месцы для інфармацыйных пікетаў вызначаныя далёка ад цэнтру гарадоў. Гэта тычыцца рэгіёнаў. Аб гэтых фактах мы паведамляем незалежным, міжнародным назіральнікам”.

Сп. Атрошчанкаў дадае, што запускаць рэкламу на радыё і тэлебачанні не карысна. Маўляў, каштуе шмат, а аўдыторыя небагатая.

Падчас агітацыйнай кампаніі пацярпела таксама і рэклама Рыгора Кастусёва. Інфармацыйныя ўлёткі аб сустрэчы кандыдата з выбаршчыкамі ў Краснаполлі знішчылі, кажа кандыдат.

Ноччу зрывалі абвесткі аб маёй сустрэчы з жыхарамі Краснаполля. Але на наступны дзень новыя абвесткі былі наклееныя, і толькі дзякуючы аператыўнасці сустрэча не была сарваная”.

А вось у Яраслава Раманчука ўзніклі перашкоды з друкам рэкламных абвестках і інфармацыйных матэрыялаў у газетах. Пра гэта паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Амаль у кожным рэгіёне ўзнікаюць нейкія праблемы, кажа палітык.

Падчас спробы размясціць інфармацыю пра сустрэчы з Яраславам мы сутыкнуліся з праблемамі практычна ў кожнай вобласці. Ці то нам адмаўлялі размясціць інфармацыю, ці то яе размяшчалі, як напрыклад, у Маладзечне, — на 15-й старонцы, дзе яе ніхто не ўбачыць”. 

Дарэчы, 7 снежня Яраслаў Раманчук звярнуўся да замежных тэлеканалаў, якія вяшчаюць на Беларусь, з просьбай даць эфірны час. Пакуль адказу няма, але многія замежныя СМІ ўжо паспелі распавесці пра гэты зварот, кажа Лябедзька.