Як сустрэнеш, так і правядзеш

Еўрарадыё вырашыла даведавацца, як адзначыць Новы год так, каб свята запомнілася назаўжды і было як мага больш экстрэмальным і яскравым. Беларускія турфірмы амаль не прапануюць незвычайных святкаванняў. Распавядае супрацоўніца турыстычнага агенцтва “Фэнтэзі турс”:

“Некалькі гадоў запар мы рабілі сустрэчу Новага года ў кракаўскім аквапарку. Атрымліваўся такі незвычайны водны Новы год. Мы вельмі вылучаліся з гэтай прапановай ад астатніх турфірмаў. І людзі, якія наважыліся вось так адзначыць свята, былі проста ў захапленні”.

Больш таго, удзельнікі святкавання ў вадзе пілі шампанскае і, дарэчы, не забыліся на святочнае ўбранне. Жанчыны былі ў купальніках і каралях, а мужчыны – у плаўках і гальштуках-мятліках.

ЖЖ-карыстальніца Таццяна прапанавала яшчэ адно экстрэмальнае адзначэнне свята. Якое, у адрозненні ад папярэдняга не патрабуе вялікіх выдаткаў. Менавіта так са сваімі сябрамі Таццяна плануе ўвайсці ў 2008 год:

“Мы хочам накіравацца на вакзал. І ўсёй кампаніяй сесці на першы поезд, які нам трапіцца. На ім мы рванем у іншы горад, дзе мы збіраемся гуляць, весяліцца, віншаваць усіх. А раніцай ці апоўдні наступнага дня зноў вернемся ў Мінск. Раз прыгоды цябе не знаходзяць, то мы самі накіруемся шукаць іх. Я думаю, што ў гэты Новы год павінна адбыцца нешта добрае”.

Дарэчы, для ахвотных сустрэць Новы год у цягніку беларуская чыгунка прадугледзела шэраг святкаванняў. У гэтую ноч праваднікі будуць усялякім чынам ствараць святочную атмасферу, дарыць падарункі і нават абяцалі прысутнасць Дзеда Мароза.

А як адзначаць надыход 2008 года экстрэмалы? Дурное пытанне, канешне ж экстрэмальна! Пра свае планы Еўрарадыё распавёў сноўбардыст Сяргей:

“Мы едзем у Тбілісі, а адтуль на гарналыжны курорт Гудауры. Знаходзіцца ён 2200 метраў над узроўнем мора”.

Менавіта на гэтай вышыні Сяргей са сваімі сябрамі і збіраецца сустракаць свята. У гэтым годзе, дарэчы, спецыяльна пад навагоднюю ноч там абяццалі зрабіць электрычнае асвятленне, каб кожны жадаючы сустрэў год жоўтага пацука непасрэдна на сноўбордзе ці лыжах, як каму падабаецца.

Надыход 2007 года Сяргей таксама святкаваў у гарах, але на Эльбрусе. Сёлета ж выбраў Грузію не выпадкова. Бо гэта ўжо другая паездка ў Гудауры, і менавіта гэты курорт хлопец раіць усім аматарам гарналыжнага спорту:

“Там усё вельмі цудоўна. Я ў поўным захапленні ад грузінскай гасціннасці. Як мне падаецца, лепшай краіны не знойдзеш!”

Таксама ў горы, але ж без сноўбордаў збіраецца са сваімі сябрамі Паша Гарбуноў. І нягледзячы на халоднае горнае надвор’е яны плануюць сустрэць свята даволі рамантычна:

“Мы сядаем на цягнік і едзем у Сімферопаль, а адтуль дабіраемся да пячорных гарадкоў пад Бахчысараем, іх там каля 5-6. Мы збіраемся забрацца на вяршыню, у адзін з гэтых гарадкоў.

Паход будзе цягнуцца 2-3 дні, з аднаго пячорнага гарадка ў іншы. На само свята, магчыма, у адным з гарадкоў нікога не будзе, і мы там паміж сабою пасядзім, вып’ем шампанскага. Паглядзім уніз, бо там адкрываецца вельмі прыгожы краявід на дзесяткі кіламетраў. Плюс да таго, будзе чыстае неба, бо халодна і будзе відаць зоркі”

Дарэчы, каб экстрэмальна сустрэць Новы год, не абавязкова лезці ў горы ці спускацца ў ваду. Напрыклад, мінулы год карыстальніца ЖЖ Вольга збіралася спакойна сустрэць у Парыжы, а атрымалася, што ёй прышлося даволі актыўна пабегаць. Усё пачалося яшчэ ў гатэлі…

“Спачатку мы пачалі адзначаць расійскі Новы год. Затым інтэрнацыянальнай кампаніяй працягнулі святкаванне эстонскага і беларускага Новага года. Праўда, гэта ўжо было ў метро, дзе святочны настрой стваралі негры, якія танчылі хіп-хоп. І для сустрэчы французскага Новага году прыйшлося бегчы спрынтарскую гонку, таму што мы са сваім веданнем Парыжа, не вельмі паспявалі да Эйфелевай вежы, дзе распачыналася самая галоўная імпрэза”

Па словах дзяўчыны, ёй вельмі запомнілася гэтае святкаванне, і яна раіць усім адзначаць Новы год незвычайна:

“Гэты Новы год запомніўся тым, што я ніколі так хутка не бегала, каб паспець адзначыць свята. Да таго ж я бегла з трохлітровай бутэлькай французскага шампанскага. Незвычайным было тое, што нягледзячы на ўсе страты: у нас скралі фотаапарат і шапку, а французкія паліцыянты пусцілі слёзацечны газ – настрой у нас быў вельмі добры. Таму што гэта Францыя, Парыж, Эйфелева вежа.

Усім так жадаю сустрэць Новы год. Бо, як кажуць, як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш. У мяне гэты год быў насычаны прыемнымі нечаканасцямі і сюрпрызамі. Дый наогул у цяперашні час лепш адыйсці ад традыцыйных застолляў і салата “Аліўе”. А паспрабаваць разнастаіць сваё жыццё незвычайнымі святкаваннямі Новага года”