Якаўлеўскі: Да 1 лютага санкцыі ЕС набудуць дэталізацыю

Сённяшняя рэзалюцыя — гэта канстатацыя аднадумства, якое існуе цяпер у Еўрапарламенце па беларускім пытанні, іншадумцаў тут няма. Так палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ацаніў дакумент, прыняты еўрапарламентарамі 20 студзеня. Па яго словах, да гэтай рэзалюцыі не варта ставіцца так легкаважна, як да ранейшых пастановаў Еўрапарламента ў беларускім пытанні: пасля прыняцця Лісабонскага трактату Еўрапарламент набыў большы ўплыў.

Якаўлеўскі адзначыў, што дэталізаваць рэзалюцыю, вылучаць канкрэтныя меры ўдзеяння будуць міністры замежных справаў ЕС на паседжанні 31 студзеня. Верагодна, падмуркам для "чорнага спісу" стане той спіс беларускіх чыноўнікаў, які склала Польшча. Пагатоў, што Еўрапарламент ухваліў паводзіны Польшчы, адзначае эксперт.