Якімі райдэрамі зоркі “пужаюць” беларускіх прадзюсераў?

Для Кавердэйла даставалі казінае малако з Лондана, а піяніна для Лорда ў Беларусі пакуль не знайшлі. Тым часам “Ляпісаў” бытавыя ўмовы не цікавяць, а “Песняры” свой райдэр нават не памятаюць. Паводле легенды, у кантракце Фёдара Шаляпіна, які выконваў партыю Мефістофеля ў “Фаўсце”, быў пункт, згодна з якім на радку “На пиру весь род людской...” яму выносілі засмажанага парсючка. І калі замест сапраўднага падавалі штучнага, Шаляпін патрабаваў няўстойку.

Нядаўна дырэктар “Славянскага базару” Радыён Бас выказаў сваю незадаволенасць райдэрам пераможцы “Еўрабачання-2009” Аляксандра Рыбака. Для артыста патрабавалася “здаровае, свежае, паўнавартаснае харчаванне”: 10 бутэлек піва, бутэлька віна, больш за 70 бутэлек вады і напояў, кава, сок, гарбата і жавальная гумка. Акрамя таго запоўнены, аплачаны міні-бар ва ўсіх нумарах каманды Рыбака. З ежы — садавіна, арэхі і кілаграм шакаладу.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія райдэры бываюць у беларускіх зорак.

Напрыклад, “Сябры” просяць 1 нумар “люкс”, 2 нумары паўлюкс і 7 аднапакаёвак. Чаму музыкі гурта жывуць не ў аднолькавых умовах, мы запыталіся ў лідэра калектыву Анатоля Ярмоленкі:

Анатоль Ярмоленка: “Мы ніякіх асаблівых умоваў не выстаўляем апроч таго, што ёсць статус: ёсць заслужаныя артысты, ёсць заслужаны дзеяч мастацтва, а ёсць артысты, якія толькі прыходзяць”.

Таксама ў райдэры “Сяброў” адразу пасля пераліку шматлікай апаратуры, патрэбнай для жывога гуку, музыкі просяць два прайгравальнікі мінідыскаў. Анатоль растлумачыў Еўрарадыё, што яны патрэбныя толькі ў некаторых выпадках:

Анатоль Ярмоленка: “Я вам скажу, у чым справа. Калі трэба адпрацаваць “лайф”, то трэба больш апаратуры, барабаны і ўсё астатняе. А калі просяць пад мінус выступіць пяць асоб, шэсць асоб, то мы выступаем пад мінус і тут трэба два мінідыскі. Не адзін, а два. Каб не было збояў, мы ўсё дублюем!”

Дарэчы, невыкананне райдэру можа прывесці да адмены канцэрту. Але беларускія выканаўцы заўсёды гатовыя знайсці кампраміс з арганізатарамі. Напрыклад, мастацкі кіраўнік дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў увогуле не памятае бытавога райдэру гурта. Маўляў, музыкаў цікавіць толькі абсталяванне, а ўсё астатняе іх не турбуе.

Вячаслаў Шарапаў:
“Як складзецца, так і добра. У нас усё вельмі проста, у межах здаровага розуму. Нейкі кампраміс заўсёды знаходзіцца”.

Самы актыўны беларускі гурт “Ляпіс Трубяцкой” таксама не цікавяць бытавыя ўмовы. Галоўнае — каб музыкам не перашкаджалі рухацца паводле гастрольнага графіку, — расказаў прадзюсер “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў:

Яўген Калмыкоў: “Рэч у тым, што ў “Ляпісаў” шмат канцэртаў, і галоўнае — не тармазіць іх рух. Яны павінны спаць і павінны паесці, але палова — вегетарыянцы. Ніякіх спецзамоў няма, усё сярэднеарыфметычнае. Як яны рухаюцца, якія ў іх нумары, якая ежа, якія напоі піць — мы на гэта не звяртаем увагі”.

У выніку можна сказаць, што беларускія музыкі патрабуюць ад арганізатараў няшмат і амаль заўсёды можна з імі дамовіцца. Складаней сітуацыя з замежнымі зоркамі, з якімі бываюць і бытавыя складанасці. Напрыклад, знайсці нешта такое, чаго ў Беларусі няма і ніколі не было.

Пра самыя запамінальныя пункты райдэраў замежных артыстаў і чаму яны патрабуюць значна больш за беларусаў, нам расказаў дырэктар прадзюсерскага цэнтру “Класс-клуб інтэртэйнмэнт” Генадзь Шульман:

Генадзь Шульман: Цяпер у мяне на руках райдэр Джона Лорда (адзін з самых уплывовых клавішнікаў у рок-музыцы. Удзельнік гурта Deep Purple, з 2002 года займаецца сольнай кар’ерай — Еўрарадыё), які запрасіў паводле тэхнічнага райдера такі раяль, якога ў Беларусі ўвогуле няма.

А два гады таму, калі рабілі канцэрт Дэвіда Кавердэйла (
вакаліст гуртоў Deep Purple і Whitesnake — Еўрарадыё), ён папрасіў такі від казінага малака… Скажам дзякуй богу, што ехалі сябры з Лондана, якія адтуль і прывезлі малако для спевака. Проста замежныя зоркі прызвычаіліся, што ў нармальных гарадах і краінах іх патрабаванні выконваюцца, а ў нас з гэтым узнікаюць праблемы”.

Згодна са словамі Шульмана, у выпадку невыканання хаця б аднаго пункту райдэра арганізатараў можа чакаць не толькі вялікая няўстойка, але і адмена канцэрту. Праўда, з прадзюсерскім цэнтрам такога не бывала.

Генадзь Шульман прызнаецца: да Беларусі пакуль проста не даехалі сапраўдныя мега-зоркі з шалёнымі райдэрамі.

Напрыклад, Пол Макартні. Рокер не толькі не ўжывае мяса, але забараняе ўсім супрацоўнікам канцэртнай пляцоўкі на яго вачах есці прадукты жывёльнага паходжання. Дарэчы, мэбля для экс-бітла не павінна быць абіта натуральнай скурай: выключна натуральнымі тканінамі, нават без малюнкаў. Улічваючы высокія кошты на квіткі, яшчэ да з’яўлення Макартні на сцэне арганізатарам неабходна закрыць тканінай усе вольныя месцы ў залі.

Райдэр Ігі Попа можна ўвогуле чытаць як мастацкі твор — бо ў ім больш жартаў і здзекаў, чым сур’ёзных патрабаванняў. Напрыклад, спявак патрабуе штодня прыносіць да яго ў нумар брокалі, якую бацька панк-року не пераносіць. Маўляў, ён будзе выкідаць капусту і тым самым уздымаць настрой. Таксама каля гатэля яго павінны сустракаць сем карлікаў на “Ягуары” і суправаджаць да пляцоўкі.

Нямала праблемаў узнікае і з райдэрам Наомі Кэмбэл, якая патрабуе прафесійную масажыстку не старэйшую за 16 год.

А гурт Bloodhound Gang патрабуюць, каб у грымёрцы стаялі вазы з M&M’s любога колеру, акрамя карычневых. То бок, арганізатарам трэба рукамі выбіраць з пачак цукеркі гэтага колеру.

Даведка Еўрарадыё: Райдэр — гэта спіс патрабаванняў зорак да арганізатараў канцэрту. Для гледачоў гэта проста капрыз артыста, а для прафесіянала — норма, без якой не атрымаецца якаснага шоў.

Само паняцце з’явілася ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Мала хто ведае, што звычайна райдэры пішуць менеджэры артыстаў. Апошнія могуць нават не ведаць “сваіх” пажаданняў.

У пачаткоўца райдэр звычайна займае паўтары старонкі, дзе напісаны апарат, які патрэбны для выступу. Для суперзорак можа не хапіць і 100 старонак. Чытаць райдэр менавіта такіх зорак часам больш цікава, чым свецкія хронікі пра іх любоўныя прыгоды.