Якія змены чакаюць "Белсат"?

Супрацоўнікі тэлеканала кажуць, што змена кіраўніцтва прымусіла іх кансалідавацца
У чацвер стала вядома, што новай кіраўніцай польскага тэлеканала "Белсат" прызначаная Беата Паклепа, якая раней займала пасаду намесніцы дырэктара канала.
Нагадаем, днямі дырэктарка "Белсату" Агнешка Рамашэўска была знятая з пасады за "ігнараванне рашэнняў назіральнай рады". А на наступны дзень аб сваім сыходзе заявіў вядучы праграмы "Госць Белсату" Павел Мажэйка.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія змены ў праграме вяшчання тэлеканала магчымыя ў сувязі з апошнімі падзеямі. Як паведаміў прэс-сакратар “Белсата” Сяргей Пялеса, прызначэнне на пасаду дырэктара Беата Паклепа атрымала падчас знаходжання ў адпачынку. На працу яна яшчэ не выйшла, справы не прыняла — і таму казаць пра нейкую новую палітыку ў вяшчанні альбо змены ў праграме пакуль рана. Што ж тычыцца сыходу з канала Паўла Мажэйкі, то Сяргей Пялеса назваў яго эмацыйным.

Сяргей Пялеса: “Я думаю, што Павал прыняў гэтае рашэнне эмацыйна, рэдакцыя пра гэта не была праінфармаваная. І ён прыняў яго да таго моманту, калі стала вядома, што канал далей існуе, што ім будзе кіраваць іншая асоба. Прынамсі, паводле рашэння, агучанага ўчора прэс-сакратаром тэлевізіі польскай. Мне падаецца, што калі б ён прыняў рашэнне пасля публікацыі гэтага прэс-рэліза, учора вечарам ці сёння, то яно магло быць іншым. Па шчырасці, не магу больш нічога сказаць, але думаю, што само існаванне праграмы не знаходзіцца пад пагрозай. Калі ён і сапраўды адмовіцца, то будзе весці нейкая іншая асоба”.

Адзначым, што Мажэйка працаваў на "Белсаце" ад самага пачатку і рашэнне пра сыход было нялёгкім.

Павел Мажэйка: "Мне падабалася працаваць на "Белсаце"...".

Паводле слоў прэс-сакратара “Белсата” Сяргея Пялесы, змена кіраўніка канала і магчымы сыход аднаго з вядучых ніяк не паўплывалі на выхады раней запланаваных праграм у эфір. І дакладна не ставіць пад пагрозу само існаванне “Белсата”.

Сяргей Пялеса: “Мы імкнемся працаваць як і раней. Тым больш, што такое рашэнне кіраўніцтва не ставіць пад удар існаванне канала. Гэтае рашэнне нас усіх, вядома, вельмі здзівіла, але пагрозы няма: мы маем фінансаванне, персанал працуе, выходзяць перадачы, ані на імгненне не перапынены эфір і не будзе перапынены. Атмасфера як найбольш рабочая”.

Больш за тое, згодна з ягонымі словамі, змена кіраўніцтва прымусіла усіх, хто працуе на канал, кансалідавацца.

Сяргей Пялеса:
“Парадаксальна, але гэтая навіна аб’яднала супрацоўнікаў і працаўнікоў канала. І не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. І нават тыя людзі, якія працуюць для нас у іншых краінах — Нямеччыне альбо Чэхіі — яны таксама выказваюць нам сваю падтрымку і салідарнасць”.

Прыблізна такім жа чынам ахарактарызаваў сітуацыю ў журналісцкім асяродку канала і вядучы штотыднёвага ток-шоў "Форум" на "Белсаце" Эдуард Мельнікаў.

Эдуард Мельнікаў: “Мы не адчуваем нейкіх негатыўных кардынальных зрухаў — праца працягваецца, стабільнасць вытворчасці захоўваецца. Што гэта быў бы за канал, калі стабільнасці няма?! Тым больш, што мы спадзяемся на пазітыўнае вырашэнне гэтай сітуацыі. Дэталізаваць не буду — сітуацыя склалася ў Варшаве, і не мне яе каментаваць. Але мы спадзяемся на ўсё лепшае. Працуем, як і раней. У нас усё стабільна, будзем працаваць надалей”.


Таксама гл. па тэме:

Дырэктарку "Белсата" раптам адправілі ў адстаўку

А. Рамашэўска: Я хачу, каб ніхто не сыходзіў, тады я вярнуся

М. Машкевіч: Думаю, у КДБ п'юць шампанскае і будуць атрымліваць узнагароды

Павел Мажэйка: Мой сыход абсалютна звязаны са звальненнем Рамашэўскай


Кіраўніцай тэлеканала "Белсат" прызначаная Беата Паклепа



Фота: http://www.belsat.eu/