Ян Гілан: ёсць толькі адзін Deep Purple!

Фронтмэн ветэранаў хард-рока Deep Purple Ян Гілан (Ian Gillan) прызнаўся ў адным з нядаўніх інтэрв'ю, што «сапраўднымі Deep Purple» лічыць канфігурацыю гурта ўзору 1969-1973-га гадоў – так званы Mark II, які ўключаў у сябе Рычы Блэкмара, Роджэра Гловера, Ена Пэйса, Джона Лорда і самога Гілана. Некалькі наступных інкарнацый гурта, які мяняў музыкаў як пальчаткі, музыка заве няхай і якаснай, але падробкай. Нагадаем, што за сорак гадоў існавання гурта праз яго прайшло каля паўтары дзясятка музыкаў. Традыцыйна перыяды больш-менш стабільнага складу «Цёмнапурпуровых» прынята маркіраваць пазнакамі ад аднаго да васьмі (пры гэтым Mrk VIII пазначае бягучую канфігурацыю групы). Пасля сыходу Гілана ў 1973-м да Блэкмара, іншыя далучыліся: Дэвід Кавердэйл і Глен Х'юз – так з'явіўся Deep Purple Mrk III; а з выхадам у 1975-м самога Блэкмара і заменай яго на Томі Боліна - Deep Purple Mrk IV.

«Я ніколі не чуў ніводнага альбома, запісанага трэцім складам Deep Purple, - кажа Ян Гілан. – Мне было нецікава, і ўсё тут. Гэта ўсё роўна, што бачыць сваю былую сяброўку з яе новым сябрам. Што датычыцца Mrk IV, то я чуў іх «Come Taste The Band» - і калі пакласці руку на сэрца, не магу назваць гэты гурт сапраўднымі Deep Purple».

«Я лічу Глена Х'юза вельмі таленавітым музыкам, але ён ніяк не ўпісваўся ў фармат каманды, - працягвае Гілан. - Deep Purple узору Mrk III і Mrk IV наогул уключаў вялікую колькасць таленавітых музыкаў. Але гэта як у футболе. Можна набыць супергульцоў на сто мільёнаў долараў, аднак не факт, што яны складуць моцную каманду».

Цікава было б пачуць думкі Яна Гілана наконт цяперашніх Deep Purple. Нагадаем, што з «арыгінальнага» складу калектыва ў камандзе цяпер граюць толькі двое музыкаў, не ўлічваючы самога вакаліста, - Роджэр Гловер і Ен Пэйс.

Фота: www.deepurple.ru