Януковіч перамагае Цімашэнку

"Краіна памятае такія часы, калі не толькі абвяшчалі прэзідэнтаў, выдавалі пасведчанні, але яшчэ і віншавалі прэзідэнты. А пасля лёс складваўся зусім інакш. Таму — мужнасць, нястомная праца, воля да перамогі Ўкраіны", — сказала Юлія Цімашэнка на брыфінгу ў штабе
***
Віктар Януковіч прапанаваў Юліі Цімашэнка рыхтавацца да адстаўкі

Кандыдат у прэзідэнты Ўкраіны, лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч прызнаў у прамым эфіры тэлеканала "Інтэр", што яго палітычны апанент Юлія Цімашэнка аказалася моцным супернікам, а таму павінна годна прызнаць паражэнне на выбарах прэзідэнта краіны.

Таксама Януковіч заявіў, што Цімашэнка атрымае прапанову пайсці ў адстаўку з пасады прэм'ер-міністра пасля фармавання ў Вярхоўнай Радзе новай кааліцыі, інфармуе УНІАН.

***
Юлія Цімашэнка заклікала сваю каманду змагацца за кожны пратакол

Змагацца за кожны пратакол, за кожны голас для забеспячэння аб'ектыўнага падліку галасоў заклікае сваю каманду кандыдат на пасаду прэзідэнта Ўкраіны Юлія Цімашэнка.

"Краіна памятае такія часы, калі не толькі абвяшчалі прэзідэнтаў, выдавалі пасведчанні, але яшчэ і віншавалі прэзідэнты. А пасля лёс складваўся зусім інакш. Таму — мужнасць, нястомная праца, воля да перамогі Ўкраіны", — сказала Цімашэнка на брыфінгу ў штабе.

Яна падкрэсліла, што вынікі экзіт-полаў не з'яўляюцца вынікамі выбараў. "Гэта толькі сацыялогія. Прычым розніца знаходзіцца ў межах сацыялагічнай памылкі, таму цяпер, у гэтую хвіліну рабіць высновы рана". — падкрэсліла яна.

Юлія Цімашэнка перакананая, што большасць грамадзян Украіны прагаласавалі за еўрапейскую і дэмакратычную будучыню краіны.
Алена Літвінава, Кіеў

***
Паводле агучаных вынікаў Нацыянальнага экзіт-пола, за Віктара Януковіча прагаласавалі 48,7% выбарцаў, за Юлію Цімашэнку — 45,5%. Ніводнага кандыдата не падтрымалі 5,5% выбарцаў.

УНІАН адзначае, што Нацыянальны экзіт-пол праводзілі фонд "Дэмакратычныя ініцыятывы", Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі і Цэнтр Разумкова. Агулам было апытана больш за 15 тысяч чалавек на 300 выбарчых участках.

***

Паводле папярэдніх вынікаў экзіт-полу, арганізаванага тэлеканалам ICTV, на выбарах прэзідэнта Ўкраіны кандыдаты маюць наступныя вынікі: Віктар Януковіч — 49,8%, Юлія Цімашэнка — 45,2%. Ніводнага кандыдата не падтрымалі 5%.

Выканаўцам гэтага даследавання выступіла міжнародная сацыялагічная кампанія. У рамках экзіт-пола было апытана каля 20 тысяч чалавек на 300 выбарчых участках.

***

Глядзі таксама: Януковіч двойчы быў на магілах сваіх продкаў у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці

***
Ва Ўкраіне сёння ў восем раніцы адкрыліся выбарчыя ўчасткі. Нягледзячы на заявы Цэнтральнай выбарчай камісіі пра тое, што працэс галасавання адбываецца нармальна, штабы абодвух кандыдатаў заяўляюць аб фактах масавых парушэнняў і блакаванні працэсу галасавання.

У прыватнасці, на ўсходзе Украіны прыхільнікі Юліі Цімашэнкі заяўляюць аб нападзе апанентаў на іх прадстаўнікоў у выбаркамах, аб правакацыях, звязаных з блакаваннем працы камісіяў у сувязі з іх замінаваннем. У гэты ж час непасрэдна Цэнтральную выбарчую камісію ўжо акупавалі дэпутаты Партыі рэгіёнаў.

Між тым, старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімір Літвін, які ўжо выбыў з прэзідэнцкай гонкі, разлічвае, што выбары ва Ўкраіне пройдуць нармальна.

Уладзімір Літвін: "Я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна. Міжнародныя назіральнікі будуць вымушаныя працягнуць тую лінію, якую яны прадэманстравалі падчас першага туру. Глядзіце, на выбарчых участках усё нармальна, усё дэмакратычна. Бюлетэні даюць магчымасць кінуць. Таму многае будзе залежаць ад іх. Калі яны скажуць, што ўсе штатна — то якія б там крыкі, віск, абурэння не падымаліся, грамадства будзе інэртным. Людзі стаміліся, людзям як мінімум, патрэбны спакой".
 
Кандыдат у прэзідэнты, лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч на сваім выбарчым участку аказаўся нешматслоўным:

"Я галасаваў за добрыя перамены, за стабільнасць і моцную Украіну".

Кандыдат у Прэзідэнты, дзеючы прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка:

"Я віншую ўсіх са святам, святам дэмакратыі, калі людзі могуць свабодна праявіць сваю волю і для сваёй краіны пабудаваць сапраўдную шчаслівую будучыню. Я толькі што прагаласавала за новую Ўкраіну, Украіну шчаслівую, заможную, прыгожую, за еўрапейскую дзяржаву. Я перакананая, што менавіта ў такой дзяржаве будуць людзі жыць шчасліва і кожны чалавек знойдзе сваё годнае месца".

Дзеючы прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка таксама сёння выканаў свой грамадзянскі абавязак, але ён упэўнены, што украінцам будзе сорамна за свой выбар:

"Задача сённяшняга дня — ўкраінцы павінны самім сабе прадэманстраваць, што мы можам дэмакратычна перадаваць ўладу. Украінцам будзе сорамна за свой выбар. Але гэта таксама дэмакратыя".


Між тым старшыня Цэнтрвыбарчкама Уладзімір Шапавал пакуль спакойна ацэньвае пачатак галасавання:

"У адной з выбарчых камісіяў у Скадовску Херсонскай вобласці, у аднаго з членаў камісіі сёння будзе дзве прыемныя падзеі — гэта замужжа, вяселле і выбары. Гэта сапраўды цікава, асабліва, калі гэтая праца зацягнецца за поўнач — гэта унікальны факт сумяшчэння першай шлюбнай ночы і першай выбарнай ночы. Можна толькі пазайздросціць. Гэта магчыма матэрыял для кнігі Гінэса".

 
Алена Літвінава, Кіеў

Фота — iz.com.ua