Яны жывуць у Брэмене і Парыжы, а сняць Залессе
Глабалізацыя дае шанцы беларусам з'ехаць і прыжыцца ў самых легендарных гарадах Еўропы. Аднакласніцы з мястэчка Залесся, Святлана і Ірына, цяпер жывуць у Брэмене і Парыжы. Як змянілася іх жыццё?
Залессе - вёска на Смаргоншчыне. На працягу дваццаці год у пачатку XIX ст. яна была "Паўночнымі Афінамі" – адным з інтэлектуальных цэнтраў Беларусі. На сядзібе кампазітара і дыпламата Міхала Клеафаса Агінскага збіраліся цікавыя людзі, якія танчылі паланэзы, вальсы, мазуркі, разгадвалі шарады, шпацыравалі старажытнымі алеямі, палявалі. І разам са свецкімі забавамі думалі, як уладкаваць лёс Айчыны. Рыхтавалі будучыя паўстанні і рэвалюцыі духу.
Цяпер былое мястэчка Заходняй Беларусі ператварылася ў аграгарадок. Статус прынцыпова нічога не змяніў, за выключэннем палепшанай якасці дарожнага пакрыцця і пэўнай колькасці "прэзідэнцкіх" дамкоў на забалочаным грунце ў працяг адной з вясковых вуліц.
Сярэдняя школа, будынак сельскага савета, бібліятэка, клуб, крамы (прыватныя – у тым ліку), чыгуначны вакзал… Сосны, цягнікі, парк з векавымі ліпамі… Нязменныя, прыемныя воку, пейзажы.
Тут заўжды была магчымасць набыць квіток, сесці ў вагон – і з’ехаць у Менск, Вільню ці кудысьці далей. Хтосьці чапляецца за гэту зямлю і свой дом назаўжды, ажыццяўляючы адно кароткатэрміновыя паездкі, адпраўляючы дзяцей на вучобу ў вялікія гарады. Хтосьці рэзка і назаўжды вырашае змяніць краявіды. Дзве аднакласніцы з Залесся апынуліся ў Еўропе. Святлана і Ірына. Брэмен-Парыж.
Святлана заўжды любіла дзяцей. Пасля дзевяці класаў паступіла ў педагагічны каледж у Мінску, працавала ў дзіцячым садку, скончыла БДПУ імя М. Танка (дэфекталогія). Закахалася. А хлопец – беларускі немец, сям’я якога вырашыла з’ехаць на гістарычную радзіму. Святлана выехала з Беларусі ўслед за Віталем. Яна ўжо пяць год ў Германіі.

Святлана: – Першыя тры гады было нялёгка: ўсё вакол новае і чужое. Першай мэтай было вывучэнне нямецкай мовы, якой я дагэтуль зусім не валодала. На шчасце (пасля двух год заняткаў нямецкай, вялікіх маральных і фізічных высілкаў), атрымала падцверджанне дыплома, але трэба было яшчэ прайсці гадавую практыку-стажыроўку ў дзіцячым садку і напрыканцы года абараніць дыпломную работу. У пачатку практыкі было складана прывыкнуць да некаторых рэчаў. У прыватнасці, перайсці ў размовах на "ты" з загадчыцай дзіцячага садка і іншымі, старэйшымі, людзьмі. Ім у сваю чаргу няёмка было чуць зварот "вы". Мяне дзівіла, што педагогі кожныя два тыдні збіраюцца на тры-пяць гадзін і абмяркоўваюць сваю працу. Цяпер я лічу, што гэта неабходна. Кожны можа папрасіць парады. Мне падабаецца, што ўсе тут адкрытыя і шчырыя. Зусім інакш было ў Беларусі: пасля ВНУ няма магчымасці развівацца далей, кожны працуе, быццам зачыняючыся ад іншых, баючыся паказаць, што ён чагосьці не ведае, баючыся падацца некампетэнтным. У Германіі ёсць курсы, праекты для пашырэння і ўдасканалення сваіх ведаў, што проста неабходна для педагогікі.
Я насамрэч палюбіла гэту краіну. Люблю пах ранішняй кавы ля кожнага дома, пунктуальнасць гарадскога транспарту, радасныя і адкрытыя твары людзей. Люблю магчымасць выказаць адкрыта свой пункт гледжання. Упэўненая, што кожны чалавек у гэтай краіне, незалежна ад таго, здаровы ён ці інвалід, мае права на паўнавартае жыццё і выкарыстоўвае гэта права. Прыехаўшы ў Германію, заўважыла шмат людзей на інвалідных вазочках. Яны проста гулялі або сядзелі ў кавярнях. Таксама мне падабаецца тое, што зарплата выхавальніцы дзіцячага садка дае магчымасць правесці адпачынак у іншым кутку свету, што, на жаль, нельга было зрабіць у Беларусі.
Ірына ў восем год страціла маці, выхоўвалі яе бабуля з дзядулем, якія падтрымлівалі ўнучку, як маглі. Ірына скончыла гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка (дадатковая спецыялізацыя – французская мова). Вырашыла працягнуць вучобу ў Францыі. Падалася ва ўніверсітэт у Ніццы, дзе год правучылася на факультэце палітычных навук і атрымала дыплом.
Ніцца – поўдзень Францыі, Лазурны бераг Міжземнага мора. Мора свеціць чысцінёй і блакітам 24 гадзіны на суткі з любой кропкі горада. Аднак Ірына вырашыла пераехаць у Парыж, дзе было больш магчымасцяў. Год адпрацавала ў касметычнай фірме "Yves Rocher", дзе займалася маркетынгам для Ўсходняй Еўропы. Сёлета Ірына скончыла адну з лепшых бізнэс-школ Францыі.

Ірына: – Я вельмі люблю Парыж, узбярэжжа Сены, квартал Марэ. Менавіта ў Парыжы навучылася атрымліваць задавальненне ад прагулак. Я люблю Францыю і рада, што сюды прыехала, але толькі на адлегласці разумееш, як любіш сваю Радзіму і сумуеш па ёй.
Святлана часта прыязджае ў Беларусь наведаць родных. Ірына кажа, што любіць радзіму і, можа, калісьці вернецца. Зрэшты, ці так прынцыпова ў часы глабалізацыі, звышвысокіх хуткасцей і Інтэрнэту, дзе мы жывем? Важней, кім мы сябе адчуваем, што робім і куды ідзем. Хтосьці з’язджае, а хтосьці прыязджае ў Залессе – з Парыжа або Мінска.
Бюлетэнь Онлайн