Ярмошына: Прадстаўнікоў партый пусцяць у выбарчыя камісіі

Папраўкі ў Выбарчы кодэкс Беларусі, якія плануецца разгледзець на бягучай сесіі парламента, улічваюць пажаданні АБСЕ, выказаныя па выніках парламенцкіх выбараў 2008 года. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Найперш гэта прапанова па гарантыях таго, што ў выбарчыя камісіі ўвойдуць прадстаўнікі палітычных партый і няўрадавых арганізацый. У законапраекце будуць вызначаныя пэўныя параметры для іх прадстаўніцтва ў камісіях, а таксама абмежавана колькасць у іх дзяржаўных чыноўнікаў.

Акрамя таго, калі дэпутаты ўлічаць прапановы Цэнтравыбаркаму, то будуць зробленыя папраўкі ў артыкул кодэкса, датычны правоў назіральнікаў, сказала Ярмошына. Прапаноўваецца ўключыць у Выбарчы кодэкс норму аб тым, што назіральнік павінен назіраць за падлікам галасоў ва ўмовах, якія дазваляюць яму аглядаць гэтую працэдуру.

Пры датэрміновым галасаванні, па словах старшыні ЦВК, прадугледжваецца магчымасць штодзённага складання пратаколу аб колькасці грамадзян, якія атрымалі выбарчы бюлетэнь.

Каь спрасціць парадак вылучэння кандыдатаў палітычнымі партыямі, мяркуецца выключыць з кодэкса патрабаванне аб наяўнасці партыйнай суполкі ў акрузе, дзе збіраецца вылучацца кандыдат.