YouTube падтрымае маладых кінематаграфістаў

Відэасервіс YouTube адкрыў новы праект пад назвай Screening Room ("Зала прагляду") для падтрымкі пачынаючых кінематаграфістаў. Па задуме стваральнікаў, гэтая старонка, якая штотыдзень абнаўляецца, звяжа аўтараў нераскручаных фільмаў з "глабальнай" аўдыторыяй, піша Associated Press.

Раз на тыдзень у Screening Room будуць выкладацца чатыры новыя ролікі. Адборам будуць займацца супрацоўнікі YouTube пры падтрымцы кінематаграфістаў з Sundance Channel. Большасць адабраных карцін будуць мець фэставае мінулае, але працы дэбютантаў, якія самастойна дашлюць свае праекты ў Screening Room, будуць прынятыя "на ура". Гледачы змогуць набываць упадабаныя ім фільмы праз Screening Room.

Па меркаванні Сары Полак, якая адказвае ў YouTube за раздзел кіно і мультфільмаў, Screening Room можа апынуцца вельмі перспектыўным інструментам для маладых рэжысёраў. У якасці прыкладу Полак прывяла гісторыю з кароткаметражкай "Spider" ("Павук"), знятай Нэшам Эджэртонам (Nash Edgerton): пасля поспеху на YouTube фільм стаў бэстсэлерам у інтэрнэт-краме iTunes. Стваральнікі паўнаметражкі "Four Eyed Monsters" ("Чатырохвочная пачвара"), ролік якой на YouTube паглядзелі больш за мільён чалавек, атрымалі кантракт на тэлебачанні і магчымасць выдаць DVD.

Фота: www.creabits.com