Юшчанка верне Бандэру званне героя Ўкраіны праз суд?

Экс-прэзідэнт Украіны, а цяпер лідэр партыі "Наша Ўкраіна" Віктар Юшчанка мае намер праз суд вярнуць Сцяпану Бандэры званне героя Ўкраіны. Агенцтва БелТА паведамляе, што былы кіраўнік дзяржавы звярнуўся ў Данецкі акруговы адміністрацыйны суд з зпросьбай тэрмінова даслаць яму копію судовага рашэння аб пазбаўленні Бандэры геройскага звання. Віктар Юшчанка адзначае, што ў яго, як у зацікаўленай асобы, ёсць поўнае права на апеляцыйнае абскарджанне гэтага рашэння суда. Маўляў, пры яго прыняцці былі парушаныя нормы працэсуальнага заканадаўства Ўкраіны.

Нагадаем, у апошнія дні свайго прэзідэнцтва Віктар Юшчанка падпісаў указ аб прысваенні Сцяпану Бандэры звання героя Ўкраіны. Рашэнне выклікала крытыку як з боку ўкраінскіх грамадзян, так і за межамі Ўкраіны.

2 красавіка Данецкі акруговы адміністрацыйны суд на падставе позвы, пададзенай адным з адвакатаў, адмяніў гэты ўказ Віктара Юшчанкі. Рашэнне суда можа быць абскарджанае ў апеляцыйным судзе Данецкай вобласці на працягу 10 дзён.