З чым сутыкнуліся літоўцы пасля ўвядзення еўра і як беларусам абмяняць літы

Жыхарка Шаўляя распавядае etaplius.lt, што ў першыя дні яе здзівілі чэргі ў гандлёвых цэнтрах.

“Большасць прыходзіла не для таго, каб набыць штосьці, а каб абмяняць грошы. Кожны другі дастае па 200, 500 літаў і купляе жуйку. Касіркі пытаюцца адна ў адной, ці засталіся яшчэ еўра ў касе, і толькі разводзяць рукамі”.

Часам працаўнікі сферы паслуг робяць памылкі пры падліку рэшты. Жыхар таго ж Шаўляя Юстас распавядае:

“У пятніцу не працавалі сталовыя, у абед мы пайшлі ў кавярню. Замовілі з калегам шаўрму. Калега даў 10 літаў і атрымаў рэшту ў еўрацэнтах. Я даў 10 еўра, і атрымаў рэшту — адзін еўра. Спачатку я разгубіўся, потым зразумеў, што афіцыянтка памылілася. Прыйшлося пераконваць яе, што дала занадта мала рэшты. Пазней яна сказала, што баялася гэтага больш за ўсё”.

Гандляры з-за гэтай блытаніны заклікаюць пакупнікоў разлічвацца банкаўскай карткай, прапаноўваючы зніжку. Такім чынам яны пазбягаюць недахопу еўра ў касе.

Хоць большасць прадпрымальнікаў пералічылі цэны справядліва, але ніхто не забараняе ім павышаць кошты цяпер, ужо пасля ўвядзення еўра. Літоўцы гавораць пра скокі цэн у кавярнях, сцвярджаюць, што падаражэлі хлеб ды марозіва.

Так, літоўка Ларэта кажа: “Я зайшла, каб з'есці любімае марозіва, але яно каштавала не 1 еўра, як я меркавала. І марозіва, і бутэрброд каштавалі 1,13 еўра, гэта ўжо 3,9 літа. Здавалася б, драбяза, але кошты за паўгода змяніліся двойчы, і не толькі ў гэтай сетцы. Цэны павышаюцца ўсюды, а зарплата застаецца такая ж”.

Але нехта заўважае, што кошты знізіліся. Так, жыхарка Шаўляя Эва распавядае:

“Пакунак жоўтых ківі каштуе 2 літы, я спачатку думала, што кошт указаны ў еўра. Сяброўка казала таксама, што патаннела мінеральная вада, іншыя заўважылі, што патаннеў сыр. Магчыма, гэта паслясвяточныя акцыі, але я спадзяюся, што частка тавараў патаннее. Цяжка прагназаваць, што будзе з адзеннем і абуткам, таму што пакуль у гандлёвых цэнтрах ідуць распродажы”.

А вось чытач DELFI распавядае, што на пошце, якая мусіць мяняць еўра да 1 сакавіка, яму не дазволілі расплаціцца еўрапейскай валютай за пасылку.

Дзе можна памяняць літы?

У Беларусі гэта зрабіць ужо немагчыма. Да 15 студзеня ў крамах суседняй краіны можна будзе расплачвацца і еўра, і літамі. Рэшту там мусяць выдаваць ужо ў еўра. Пасля ўсе грашовыя аперацыі на тэрыторыі Літвы будуць праводзіцца толькі ў еўра.

Цэнтрабанк Літвы будзе мяняць літы на еўра без камісіі неабмежаваны час.

Ва ўсіх аддзяленнях камерцыйных банкаў (Citadele, Danske bank, DNB, Finasta, Medicinos bankas, Nordea, SEB, Swedbank і Šiaulių bankas) без камісіі можна будзе абмяняць літы на еўра да 1 ліпеня 2015 года. Пасля можна будзе мяняць толькі ў некаторых аддзяленнях і толькі банкноты.

У 330 філіялах “Літоўскай пошты” — да 1 сакавіка 2015 года.

Літы, якія ляжаць на банкаўскіх рахунках 1 студзеня былі аўтаматычна канвертаваныя ў еўра без камісіі.

Тры камерцыйныя банкі Літвы ў гэтым годзе ўжо абмянялі больш за 45 млн. літаў. Яшчэ больш за 8 млн. літаў (2,3 млн. еўра) у першыя дні новага года абмяняў на еўра Цэнтрабанк Літвы.

Прэс-аташэ банка DNB Андрус Вілканцас інфармаваў, што за выходныя ў аддзяленнях банка больш за 9 тысяч чалавек абмянялі 9,8 млн. еўра. У мінулую пятніцу банкаматы DNB выдалі каля 2,8 млн. еўра, а ў суботу — каля 2,5 млн. еўра.

Прэс-аташэ банка Swedbank Саўлюс Абрашкявічус паведаміў, што ў першыя чатыры дні студзеня ў аддзяленнях банка было абменена 20,5 млн. еўра.