З галерэі “Ў” знікла выстава Ігара Корзуна

А мастак пакрыўдзіўся на супрацоўнікаў галерэі за тое, што яны знішчылі яго твор
Аўтар выставы “Numbers&DoorsІгар Корзун датэрмінова зняў сваю экспазіцыю з галерэі “Ў”. Сам мастак патлумачыў Еўрарадыё, што кіраўніцтва галерэі без папярэдняй дамовы дэмантавала яго экспазіцыю на адзін дзень дзеля карпаратыўнага мерапрыемства і, падчас дэмантажу знішчыла мастацкі аб’ект:

Паміж мной і галерэяй была вусная дамоўленасць, што мая выстава “Numbers&Doors” працягнецца з 8 па 28 лютага. Са свайго боку я выканаў абавязкі перад галерэяй, але абсалютна нечакана мне паведамілі, што ў галерэі “Ў” 19 лютага будзе праходзіць мерапрыемства і ўсе мае працы будуць дэмантаваныя, але пасля мерапрыемства сабраныя зноў.

Image 31123
Трэба разумець перажыванні аўтара, калі ён бачыць знішчаныя аб’екты свайго мастацтва. Калі галерэя “Ў” не разумее, што падчас дэмантажу экспазіцыі быў знішчаны мастацкі аб’ект (можна смяяцца з гэтага,можна казаць што заўгодна), то мне вельмі складана размаўляць з імі, як з людзьмі, што займаюцца сучасным мастацтвам”.

Мастак сцвярджае, што не атрымаў ніякіх прабачэнняў ад кіраўніцтва галерэі “Ў” і лічыць, што яна манапалізавала гарадскую арт-прастору:

“Я не хачу, каб ў Мінску існавала манаполія на сучаснае мастацтва. Пакуль што яна існуе, таму што супрацоўнікі галерэі “Ў” паводзяць сябе, як манапалісты, бо разумеюць, што мастакам пайсці больш няма куды. “Ў” з’яўляецца манапалістам не толькі таму, што яна адзіная ў гэтым горадзе, а таму што, разумеючы сваю карысную сітуацыю, спекулюе ёй”.

Ігар Корзун патлумачыў, што акрамя саміх фотаработ, у памяшканні галерэі былі дэмантаваныя сцены,якія ставіліся менавіта для экспазіцыі “Numbers&Doors”. Таксама была знішчана інсталяцыя, белая падлога, якая для мастака была вельмі важнай:

Image 31124
Я моцна засмуціўся. Для мане гэта вельмі істотная і важная рэч. Я планаваў гэтую падлогу сфатаграфаваць, зафіксаваць сляды людзей, якія яны пакінулі, гуляючы па выставе. Я хацеў выкарыстоўваць гэта ў сваіх далейшых праектах, як лічбы і дзверы. Але, усім напляваць на меркаванне аўтара.

Вядома, сцены былі дэмантаваныя і пазней устаноўленыя наноў, але вышыня сцен змянілася і іх трэба было зноў дапрацоўваць. Гэтага зроблена не было, што, на мой погляд, з’яўляецца непавагай да выставы. У гэтай сітуацыі я не разумею, як людзі, якія займаюцца сучасным мастацтвам, альбо называюць сябе такімі, як яны разумеюць экспазіцыю ў прынцыпе. Што гэта для іх такое.

Што тычыцца гісторыі з белай падлогай, то яна была адноўлена, але выглядала жудасна. Калі я прыйшоў абмеркаваць гэтыя пытанні, ніхто не захацеў са мной размаўляць. Ніякіх выбачэнняў я не пачуў і тон прадаўшчыцы з крамы “садавіна-агародніна”, калі ты просіш яе узважыць нармальнай бульбы, а не гнілой, абсалютна не дапушчальны паміж мастаком і галерыстам
”.

Ігар Корзун кажа, што хацеў бы атрымаць каментар ад супрацоўнікаў галерэі і дадае, што можа пайсці на дыялог з галерэяй, калі яны гатовыя выправіць сітуацыю і наогул лічаць гэта магчымым.

Ганна Чыстасердава
, арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва “Ў” патлумачыла, што выстава скончыла сваю працу непасрэдна па жаданні аўтара, які звярнуўся да галерэі з просьбай забраць свае работы і дадала, што наведвальнікі галерэі пытаюцца, куды ж знік праект:

Наколькі я ведаю, і ўчора і сёння шэраг людзей тэлефануе ў галерэю, хочуць паглядзець гэтую выставу і крыўдна, што яны не маюць такой магчымасці”.

Пытанне, як патлумачыў сваё рашэнне сам аўтар і чаму ён спыніў выставу, Ганна Чыстасердава каментаваць адмовілася. А Ігар Корзун плануе перанесці экспазіцыю “Numbers&Doors” ў горад:

Я паспрабую зрабіць экспазіцыю ў форме квэсту, каб гэтыя работы трэба было знайсці менавіта там, дзе яны былі сфатаграфаваны”.

Замест “Numbers&DoorsІгара Корзуна ў галерэі “Ў” зараз адбываецца “арт-кірмаш”, які быў сабраны з работ розных аўтараў. Супрацоўнікі галерэі прыносяць сваім наведвальнікам прабачэнні:

Мы як адміністрацыя галерэі шкадуем пра тое, што выстава скончылася датэрмінова і прыносім свае выбачэнні тым людзям, якія хацелі пабачыць гэтую экспазіцыю”.

Поўную версію нашай размовы з Ігарам Корзунам слухайце тут.