З Іарданіі ў Маскву вылятае самалёт з беларусамі і расіянамі

У 11 гадзінаў раніцы з Іарданіі ў Маскву выляціць расійскі самалёт Іл-62  з эвакуіраванымі з Газы грамадзянамі Беларусі і Расіі. У другой палове дня ён прыбудзе ў маскоўскі аэрапорт Дамадзедава.
Нагадаем, учора ў Іарданію прыбылі 73 грамадзяніны Расіі і 7 грамадзян Беларусі, якія пажадалі пакінуць зону канфлікту.

Большасць з іх складаюць жанчыны і дзеці. Амбасада нашай краіны ў Расіі заявіла, што гатовая да прыёму беларусаў і будзе садзейнічаць іх адпраўцы на радзіму.
Паводле звестак беларускіх дыпламатаў, у палестынскім анклаве Газа яшчэ знаходзяцца каля 10 беларусаў.

Тым часам вялікая група ўкраінцаў ужо вярнулася ва Украіну. У аэрапорце іх сустракалі міністры замежных спраў і надзвычайных сітуацый.