З мэрыі грэчаскай Патры знялі сцяг ЕС

Сцяг Еўрапейскага саюза зняты з балкона мэрыі горада Патры на Пелапанэсе па рашэнні муніцыпальнай улады. Як заявіў адказны ў мэрыі за грамадскія сувязі Андрэас Антанопулас, сцяг зняты з моманту ўступлення на пасаду цяперашняй гарадской адміністрацыі. “Гэта дзеянне супраць Еўрапейскага саюза як рэакцыйнага транснацыянальнага саюза, які застаецца варожым у дачыненні да народа”, — сказаў чыноўнік.

Мэрам Патры стаў прадстаўнік кампартыі Грэцыі Костас Пелетыдзіс.

Адносіны Грэцыі і ЕС сапсаваліся пасля таго, як на парламенцкіх выбарах 25 студзеня перамагла партыя СІРЫЗА. Новы ўрад патрабуе ад ЕС спісаць частку 320-мільярднай пазыкі, якую краіна атрымала ў разгар крызісу. Аднак Еўрасаюз і Еўрапейскі цэнтрабанк заявілі, што не стануць спісваць пазыку Грэцыі, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.