З Мінска ў Малдову экстрадуюць забойцу

Асабліва небяспечнага злачынца Валерыя Братунова, абвешчанага ў міжнародны вышук яшчэ ў 2004 годзе, затрымала беларуская міліцыя. 30-гадовы малдаванін жыў у Мінску па фальшывых дакументах на імя грамадзяніна Ўкраіны больш за 5 гадоў. У Беларусі Братуноў разам са сваім родным братам гандляваў аўтамабілямі. Злачынцу затрымалі, калі ён ехаў на адной з машын, прызначаных для продажу, паведамляе “Комсомольская правда в Молдавии”.

Яшчэ ў 2004 годзе Валерый Братуноў і яго тры змоўшчыкі ўварваліся ў адну з хат вёскі Дзязгінжа Комрацкага раёна Малдовы. Злачынцы, узброеныя абрэзам, у масках, збілі гаспадара хаты і трох яго дзяцей, прыстрашылі іх смерцю і запатрабавалі паказаць месца, дзе захоўваюцца грошы, якія жонка гаспадара хаты даслала з-за мяжы. У гэты момант у хату ўвайшоў брат гаспадара. Рабаўнікі застрэлілі яго ва ўпор.

Двое злачынцаў былі затрыманыя па гарачых слядах і асуджаныя, а двое іншых, у тым ліку, і Братуноў, былі абвешчаныя ў міжнародны вышук.