З пачатку года ў Беларусі патанулі 239 чалавек
Яшчэ 260 патэнцыйных “ахвяраў вады” ўдалося ўратаваць.
Паводле звестак аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах”, сярод загінулых — 14 непаўналетніх. Нягледзячы на тое, што колькасць тапельцаў знізілася на 28,7% у параўнанні з мінулым годам, практычна штодня ўлетку паступаюць званкі пра такія здарэнні.
Неасцярожных купальшчыкаў ратуюць супрацоўнікі МНС, АСВОДа і выпадковыя сведкі. Аднак не заўсёды ўдаецца пазбегнуць трагедыяў. 9 ліпеня ў Мастоўскім раёне трагічна загінуў мужчына — ён выкінуў з хуткага цячэння падлетка, але яго самога падхапіла бурная рака і мужчына патануў.
На Брэстчыне 11-гадовы школьнік, жыхар Пружанаў, купаўся ў Пружанскім возеры. Не ўмеючы плаваць, ён трапіў у глыбокае месца, але хлопчыка ўратавалі работнікі АСВОДа.
На возеры Дрывяты на Віцебшчыне ў зоне дзеяння ратавальнай станцыі 7 ліпеня выпала з лодкі жыхарка Мінска — яна не справілася з кіраваннем пры моцным парыве ветру. Жанчыну ўратавалі.
9 ліпеня на Браславах два студэнты БДУ і малады чалавек з Латвіі парушылі правілы бяспекі і перакуліліся на байдарках. Усіх выратавалі супрацоўнікі ратавальнай станцыі.
8 ліпеня ў Гомелі на рацэ Сож, двое 19-гадовых хлопцаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Расіі, скакалі ў ваду з пешаходнага моста. Абодвух давялося ратаваць вадалазам АСВОДа, інфармуе прэс-служба МНС.