З-за Някляева можа пацярпець “Дэльта-банк”

У Гаспадарчым судзе Мінску прайшоў папярэдні разгляд справы па пазове Мінгарвыканкама супраць Даследча-асветніцкай установы “Рух наперад”, якую ўзначальвае Ўладзімір Някляеў. Гэта ўжо другая позва сталічных чыноўнікаў супраць арганізацыі на працягу двух месяцаў. Гэтым разам сталічныя чыноўнікі спрабуюць даказаць, што памяшканне, у якім месціцца “Рух наперад” не можа выкарыстоўвацца пад офіс. Як расказала Еўрарадыё намесніца дырэктара ўстановы Ніна Пахлопка, на судзе прысутнічаў намеснік начальніка Ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. Па назіранні супрацоўніцы “Руху наперад”, падрабязнасці ініцыянаванай Мінгарвыканкамам судовай справы чыноўніку былі невядомыя.

Пахлопка: “Такое адчуванне, што чалавек зусім не рыхтаваўся. Альбо яны ўпэўненыя... Бо для іх стала адкрыццём, што на тым плане, дзе мы арандуем памяшканне, было напісана “адміністрацыйнае”, а не гандлёвае. Ён доўга вывучаў гэтую схему”.

Па словах намесніцы дырэктара, суддзя не прапаноўваў бакам прымірыцца да пачатку судовага паседжання. Але запатрабаваў ад арэндадаўцы прадаставіць суду дамову на арэнду суседняга з офісам “Руху наперад” памяшкання, якое арэндуе “Дэльта-банк”. Той займае плошчу, якая на плане пазначана як “выстаўная зала”. І калі ў Мінгарвыканкама ўзнікае сумнеў, кажа Пахлопка, што іх супрацоўнікам можна сядзець у “адміністрацыйным” памяшканні, то невядома, што пагражае банкірам з “выстаўнай залы”.  

Калі суд прызначыць першае пасяджэнне і пачне разглядаць позву Мінгарвыканкама, суддзя паабяцала паведаміць бакам пазней. Што ж тычыцца адсутнасці ўстаноўчых ды іншых дакументаў у прадстаўнікоў “Руху наперад”, то суддзя паабяцала скарыстацца копіямі, якія засталіся пасля разгляду мінулай справы.