З-за пажару ў мінскай саўне загарэўся інтэрнат

У сталічным інтэрнаце на вуліцы Брыкета з-за пажару эвакуявалі 360 чалавек. У сутарэнні пяціпавярховага інтэрната загарэлася саўна фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Агонь пашкодзіў 19 кв.м драўлянай абшыўкі парылцы.

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

МНС: Меркаваная прычына пажару - парушэнне правілаў электрасетак і электраабсталявання. Выкарысталі печку-каменку для сушкі згаральных матэрыялаў. То бок, на печцы-каменцы нешта пакінулі...

У выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Выратавальнікі на нейкі час вывелі ўсіх жыхароў інтэрнату на вуліцу, бо асцерагаліся, каб агонь не перакінуўся на іншыя паверхі.