За апошнія 12 год у Беларусі ў ДТЗ загінула цэлае насельніцтва райцэнтра

У 1999-2010 гадах у Беларусі ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў загінула 18 858 чалавек, а гэта можна суаднесці з насельніцтвам сярэдняга райцэнтру. Такую статыстыку падае Дзяржаўтаінспекцыя. У сярэднім на дарогах краіны штодня гіне 4 чалавекі, а 18 чалавек, у тым ліку дзеці, атрымліваюць траўмы. Штодня ДАІ выдае болей за 1 000 пасведчанняў кіроўцы, першасную рэгістрацыю праходзяць болей за 1 500 аўтамабіляў. Калі па выніках 2000 года асабісты аўтапарк налічваў амаль 1,5 мільёна аўто, то праз дзесяць год іх стала 2,5 мільёна. І рост колькасці машын працягваецца, паведамляе БелаПАН.
 
Галоўнай прычынай, па якой адбываюцца дарожныя здарэнні з гібеллю людзей, застаецца перавышэнне хуткасці. Сярод іншых прычынаў — парушэнне правілаў праезду пешаходнага перахода, парушэнне правілаў манеўравання і агрэсіўная язда, выезд на паласу сустрэчнага руху.