За год у Беларусі ловяць каля 30 хакераў

Сярэдні ўзрост беларускіх хакераў — 21 год. Аднак за большасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў у нашай краіне караюць грашовымі штрафамі. Днямі ў Мазыры мясцовы аддзел “К” затрымаў двух навучэнцаў ПТВ. Маладзёны на працягу паўгода карысталіся інтэрнэтам бясплатна — за кошт скрадзеных пароляў і лагінаў. Зараз ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў і матэрыяльная кампенсацыя памерам 20 мільёнаў рублёў.

Паводле слоў Глеба Глінскага, начальніка аддзела расследаванняў злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкама, юнакоў нават не арыштавалі. А вось распачатая крымінальная справа будзе перададзеная ў суд не раней як праз тры месяцы:

Глінскі: “Зараз яны знаходзяцца дома пад падпіску аб нявыездзе. Справа будзе перададзеная ў суд, як скончыцца следства. А гэта не раней як праз тры месяца”.

Як распавёў Еўрарадыё супрацоўнік Упраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС, падобныя злачынствы сярод моладзі не рэдкасць. Бо нават пэтэвэшнікі зараз напоўніцу цікавяцца Information Technologies:

Супрацоўнік адзела “К”: “Інфармацыйныя тэхналогіі вельмі папулярныя сярод моладзі. Таму сярод злачынстваў часцяком трапляюцца не тое што 19-гадовыя — а нават і 16-гадовыя падлеткі. Аднак усё ж такі нельга казаць, што гэтая ўзроставая група дамінуе сярод злачынцаў у сферы IT”.

Калі “дробныя” парушэнні заканадаўства сярод моладзі і пашыраныя, то па “сур’ёзных” артыкулах у Беларусі праходзяць больш дарослыя людзі:

Супрацоўнік адзела “К”: “Ёсць яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэкса №212: “Крадзеж з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі”. Сярод асуджаных паводле гэтага артыкулу большасць злачынцаў маюць узрост ад 25 год і гэтак далей. Моладзь у нас праходзіць у асноўным за крадзеж чужых пароляў і лагінаў ці за хакерскія атакі на паштовыя скрыні”.

Ва Ўпраўленні па расследаванні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Еўрарадыё распавялі, што з кожным годам лічбы зафіксаваных злачынстваў растуць. Аднак менш за 30 хакераў на год не бывае:

Супрацоўнік адзела “К”:
“Аднак адбываецца колькасны рост злачынстваў у сферы IT. Бо гэта робіцца ў прамой залежнасці ад развіцця інфармацыйных тэхналогій. “Трапляецца” прыкладна 30 чалавек за год. Звычайна за такія правапарушэнні, звязаныя з карыстаннем інтэрнэтам за чужы кошт, суд не выносіць прысудаў, звязаных з пазбаўленнем свабоды. Звычайна гэта грашовыя спагнанні”.

Між іншым, паводле слоў знаёмага журналістам Еўрарадыё мінскага хакера, для таго, каб “зламаць” чужыя лагіны і паролі, дастаткова базавай адукацыі. І, канечне ж, неабходны інтэрнэт:

Іван: “Па вялікім рахунку дастаткова аднаго інтэрнэта, каб "хакнуць" ADSL мадэм. Папросту неабходна жаданне, пэўная кемлівасць і ўменне нешта шукаць у сетцы. У інтэрнэце па базавым хакінгу прапісана наогул усё ад “А” да “Я”. Калі паставіць перад сабою мэту — то гэта зробіць звычайны бухгалтар”.

Фота: unitechblog.com