За крэдыт у $2 млрд МВФ запатрабуе ад Беларусі палітычных рэформаў?

Беларускім уладам наўрад ці ўдасца атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду 2 млрд долараў крэдыту. Такое меркаванне выказаў эканаміст Міхал Залескі. Паводле яго словаў, МВФ можа пагадзіцца падтрымаць беларускую эканоміку толькі 1 мільярдам, а за другі мільярд запатрабуе палітычных саступкаў для Захаду. А на гэта афіцыйны Мінск не пойдзе, сказаў Залескі ў інтэрв'ю "Белорусским новостям".

Нагадаем, пра просьбу беларускага ўрада і Нацбанка да МВФ выдзяліць крэдыт стала вядома на мінулым тыдні, адразу пасля таго, як Расія выдзеліла нашай краіне крэдыт у памеры 2 млрд долараў. Ужо ў панядзелак у Мінск прыбыла місія фонду для правядзення перамоваў.

Міхал Залескі таксама лічыць, што крэдыт у поўным аб'ёме МВФ не дасць Беларусі і з-за "не самага кепскага стану эканомікі нашай краіны".