За напісанне дыктоўкі Барыс Хамайда атрымаў папярэджанне суда

За напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Барыс Хамайда атрымаў папярэджанне суда. Як паведамляла Еўрарадыё, сёння Хамайда паспрабаваў напісаць дыктоўку на тэкст Уладзіміра Караткевіча каля помніка пісьменніку ў Віцебску. Тэкст яму дыктаваў віцебскі актывіст апазіцыі Сяргей Каваленка. Прыкладна пятнаццаць хвілін яны спакойна пісалі дыктоўку, а затым былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі за "правядзенне несанкцыянаванага пікету".

У інтэрв'ю БелаПАН Хамайда распавёў, што на яго склалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне за правядзенне несанкцыяванай акцыі. У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску яму вынеслі папярэджанне, пасля чаго адпусцілі.

Знаходзячыся ў пастарунку, Хамайда ўсё-ткі здолеў дапісаць дыктоўку.