За парадам змогуць паназіраць да 19 тысяч чалавек

За парадам 3 ліпеня змогуць паназіраць да 19 тысяч чалавек. Ніякіх спецыяльных пропускаў ці запрашэнняў не прадугледжана. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык.
Удзел у парадзе возьмуць каля трох тысяч вайскоўцаў, з абслугай – да чатырох тысяч. Сярод іх — курсанты Мінскага сувораўскага вучылішча, Ваеннай акадэміі, вайскоўцы 120-й механізаванай брыгады, 86-й брыгады сувязі, парадныя разлікі ратавальнікаў, унутраных войск, памежнага камітэта.

Перад гледачамі праедзе тэхніка перыяду Другой сусветнай, адноўленая на беларускіх прадпрыемствах. У прыватнасці, танк БТ-7 на калёсным ходзе вытворчасці 1937-га года, танк ІЖ-3, аўтамабільная тэхніка і пушкі разнастайнага калібру – усяго 11 адзінак пройдуць перад мінчукамі.

Таксама праедзе і сучасная тэхніка.

Упершыню ў парадзе возьмуць удзел створаныя ў Беларусі пілатажныя групы “Беларусь” і “Крылы Беларусі”.

Суму, у якую дзяржбюджэту выльецца ваенны парад, Вячаслаў Раменьчык назваць не змог.

“Шчыра кажучы, гэта не Міністэрства абароны пытанне, гэта пытанне да Міністэрства фінансаў”.