За паўгода ў браканьераў канфіскавалі 11 тон рыбы

Прыродаахоўнікі зафіксавалі 5,5 тысяч парушэнняў, а ў несумленных рыбакоў канфіскавалі 246 кіламетраў сетак. Са студзеня па ліпень у несумленных рыбакоў канфіскавалі 11 тон рыбы. А колькасць выпадкаў браканьерства на вадаёмах у параўнанні з мінулым годам узрасла на 3% — да 5,5 тысяч парушэнняў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла супрацоўніца Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Тамара Барсук.

Тамара Барсук: "У гэтым годзе шмат людзей выязджалі на вадаёмы. Нехта думаў: "А чаму б мне не прыхапіць сетачку,” — вось яны і патрапіліся. За паўгода было канфіскавана 246 кіламетраў сетак. Але гэта на 16% меней за летась".

Дарэчы, беларусы ў сярэднім за год з'ядаюць па 17,5 кілаграм рыбы і прадуктаў з яе. Канфіскаванага ўлову хапіла б, каб цэлы год карміць 630 чалавек!

За браканьерства караюць штрафам або турмой і канфіскацыяй сетак. Таксама парушальніку неабходна кампенсаваць нанесеную шкоду.

Аднак рыба сёлета пакутавала не толькі ад браканьераў. З-за спёкі на Браслаўскіх азёрах пачалі выміраць вугры.

Тамара Барсук: "Гэта былі прыродныя заморы. Яны не насілі масавы характар, як у мінулым годзе. Вада прагрэлася — і такія драпежнікі, як вугор, пачалі загінаць. Гэта было на Браслаўскіх азёрах".

Апроч іншага, на Віцебшчыне і поруч з Капылём у ваду трапілі адкіды, працягвае Тамара Барсук:

"У Віцебскай вобласці комплекс жывёлагадоўлі выкінуў вадкія фракцыі ў ваду. Яны патрапілі ў раку праз меліярацыйныя каналы. Праз гэта ў Сухадроўцы адбыўся мор рыбы. Яго маштабы цяпер высвятляюцца”.

Зашкодзіла спякотнае надвор’е і аматарам легальнага рыбалоўства. Як адзначылі ў Аб’яднанні рыбаловаў і паляўнічых, спёка і рыба не сябруюць.

Супрацоўнік аб’яднання паляўнічых і рыбаловаў: “Любая спёка ўплывае на рыбу. У асноўным, праз тое, што пачынаюць квітнець водарасці”.

Нагадаем, што сёлетняя тэмпература ўлетку перавысіла многія рэкорды. У Гомелі паветра прагрэлася амаль да 39 градусаў.