За "Рэмба IV" могуць даць 7 гадоў

За распаўсюджванне і продаж DVD з фільмам "Рэмба IV" на тэрыторыі М'янмы пагражаюць сямю гадамі турмы.  Пасля таго, як паліцыя М'янмы забараніла распаўсюджванне DVD-дыскаў з запісам "Рэмба IV", нават на рынках Янгона, дзе вялікая частка відэапрадукцыі - пірацкая, фільм немагчыма здабыць.

Паводле паведамлення AFP, адзін з прадаўцоў распавёў, што баіцца прадаваць гэты фільм, і дадаў, што, негледзячы на забарону, пакупнікі штодзень пытаюць "Рэмба".

Нагадаю, што ў фільме ветэран в'етнамскай вайны Джон Рэмба (Сільвестр Сталонэ) змагаецца супраць салдат войска М'янмы, якія паказаныя разбэшчанымі і жорсткімі. Ён спрабуе выратаваць захопленых у палон хрысціянскіх місіянераў, якія дапамагалі вясковым жыхарам з карэнаў - мьянмійскай этнічнай меншасці, якая змагаецца супраць вайскоўцаў рэжыму.

У рэчаіснасці ваенныя пераследуюць карэнаў за сепаратызм. А на мінулым тыдні двума невядомымі быў застрэлены адзін з лідэраў карэнскіх паўстанцаў. Паводле меркаванняў актывістаў апазіцыі, якія знаходзяцца ў выгнанні, ён быў забіты па загадзе кіраўнікоў ваеннай хунты.

А ўвосень летась у найбуйных гарадах былой Бірмы прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі пратэсту супраць вайсковага рэжыму. Вайскоўцы і паліцыя разагналі дэманстрацыі, страляючы ў натоўп.

Паводле розных дадзеных былі арыштаваныя ад 1000 да 3000 чалавек, ад 13 да некалькіх сотняў чалавек былі забітыя.

Тым часам, прадзюсары Рэмба заявілі пра намеры зняць пятую частку культавага баевіка, на галоўную ролю ў якім ізноў запросяць Сталонэ.

Фота: wayangtopia.com