Забарону на наведванне лясоў могуць увесці па ўсёй Беларусі
Мінлясгас просіць усіх грамадзянаў з разуменнем паставіцца да такога абмежавання.
Забарону на наведванне лясоў плануюць увесці па ўсёй краіне. Гэта звязана са складанай пажаранебяспечнай сітуацыяй, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі. Напярэдадні ў ведамстве прайшло пазачарговае паседжанне камісіі па надзвычайных сітуацыях.
Паводле статыстыкі, прычынай 90% лясных пажараў з’яўляецца менавіта “чалавечы фактар”, таму людзей вырашылі не пускаць у лясы. Грамадзян просяць паставіцца з разуменнем да часовых абмежаванняў, бо гэта дазволіць захаваць не толькі лясы, але і здароўе людзей.
Як заявіў міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч, сёння лясная ахова павінна працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Там, дзе ўсталяваныя найвышэйшы, V клас пажарнай небяспекі, павінна быць усталяванае кругласутачнае дзяжурства адказных асобаў лясной аховы. Усе сродкі тушэння пажараў павінны быць у стане поўнай гатовасці.
На найбольш небяспечных участках прыпыняецца нават прамысловая дзейнасць — лесанарыхтоўка.
Асабліва праблемнымі на сёння з’яўляюцца лясы ў Гомельскай вобласці, асаблівую трывогу ў спецыялістаў выклікае пажар у Палескім радыяцыйна-экалагічным заказніку. Нягледзячы на тое, што да мяжы ляснога фонда яшчэ каля 10 кіламетраў, супрацоўнікі лясной аховы ўжо сцягнуліся да мяжы і знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці.
Фота з архіву