Загадчык клуба звольніўся, пратэстуючы супраць ідэалогіі
Гэта здарылася пасля таго, як у яго клубе міліцыя сарвала паказ фільма пра Слуцкае паўстанне.
42-гадовы Аляксандр Туміловіч працаваў загадчыкам Дома культуры вёскі Казловічы. Вечарам 23 лістапада ў гэтым клубе міліцыянты разагналі гледачоў фільма пра Слуцкі збройны чын. Пасля гэтага Туміловіч напісаў заяву пра звальненне, паведамляе Радыё "Свабода".
Мужчына кажа, што не хоча працаваць пад такой ідэалогіяй: "Калі людзям не дазваляюць сабрацца для нечага свайго, то не хачу!" Аляксандр узначальваў дом культуры вёскі Казловічы тры гады. Яго заробак складаў 2 мільёны 400 тысяч рублёў.
Нагадаем, што 23 лістапада міліцыянты сарвалі прагляд фільма пра Слуцкае паўстанне, знятага тэлеканалам АНТ. Кіраўнік міліцыянтаў Дзмітрый Шклярэўскі патлумачыў, што ў арганізатаркі імпрэзы Зінаіды Цімошак "няма санкцыі на сустрэчу". Больш за дзве гадзіны міліцыянты дапытвалі ўдзельнікаў сустрэчы — пераважна пенсіянераў.
На Цімошак склалі адміністрацыйны пратакол за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення сходаў". Яе папярэдзілі, што справа будзе перададзеная ў суд.
Фота — svaboda.org