Загінула паэтка Таццяна Сапач
Таццяна Сапач - вядомая паэтка і тэлежурналістка.
Сяргей Дубавец і Таццяна Сапач трапілі ў аўтакатастрофу. Аварыя здарылася на тэрыторыі Літвы ўначы на 28 снежня. Сям'я вярталася ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку.
Сяргей Дубавец трапіў у шпіталь з траўмамі, яго жонка Таццяна загінула, паведамляе Радыё Свабода.
Як расказала БелаПАН сястра Сяргея Алена Дубавец, ДТЗ адбылося на тэрыторыі Літвы, у 100 кіламетрах ад Вільнюса, прыкладна ў 22.00. Сяргей і Таццяна ехалі ў Вільню з Мінска, дзе гасцявалі ў дачкі і ўнучкі, якая нядаўна нарадзілася. За рулём машыны знаходзіўся Дубавец, жонка сядзела побач. Аўтамабіль рухаўся на невялікай хуткасці, прыкладна 80 км/гадз, але з-за галалёду яго занесла на сустрэчную паласу, дзе адбылося сутыкненне з грузавіком. Таццяна загінула, Сяргей моцна траўмаваны, але, паводле слоў сястры, цяпер знаходзіцца дома, у Вільнюсе.
Таццяна Сапач нарадзілася 26 жніўня 1962 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1987 годзе заснавала культуралагічную праграму "Альбаросіка" на Беларускім радыё. У 2000—2001 гадах супрацоўнічала з радыёстанцыяй "Балтыйскія хвалі". Адна з аўтараў перадачы "Палітычная геаграфія" беларускай службы "Радыё Свабода". З 1991 года рэдактар і аўтар праграмы "Віленскі сшытак" на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні. Аўтар літаратурных перакладаў з літоўскай і польскай моў. У 1992 годзе ў Таццяны Сапач выйшаў зборнік паэзіі "Восень", у 2008-м — "Няхай не пакіне нас восень".
Рэдакцыя Еўрарадыё выказвае шчырыя спачуванні Сяргею і Адэлі Дубаўцам.