ЗАГС не дазволіў гамельчуку святкаваць народзіны разам з Лукашэнкам

Уладзіміру Няпомняшчых не дазволілі змяніць дату нараджэння з 1 верасня на 31 жніўня. Нагадаем, 8 верасня сп.Няпомняшчых звярнуўся ў ЗАГС Чыгуначнага раёна Гомеля, каб змяніць сваю дату нараджэння. Маўляў, хачу святкаваць народзіны у адзін дзень з Колем Лукашэнкам і яго татам Аляксандрам Лукашэнкам. Да таго ж дзень народзінаў Няпомняшчых супадае з датай пачатку вайны – 1 верасня, што дрэнна ўплывае на яго настрой.

У ЗАГСе заяву прынялі, але потым у просьбе адмовілі. Пра гэта сп.Няпомняшчых распавёў Еўрарадыё.

Няпомняшчых: "Прычына банальная. Маўляў, для змены даты нараджэння вы не прадставілі дакументаў, якія пацвярджаюць факт вашага нараджэння 31 жніўня 1952 года. Праблема ў тым, што я і не казаў, што нарадзіўся 31 жніўня. Я казаў, што нарадзіўся 1 верасня, але ў сувязі з тым, што Аляксандр Рыгоравіч змяніў дату нараджэння, і я хачу. Карацей, прыслалі адпіску".

У ЗАГСе спадару Няпомняшчых параілі звярнуцца ў суд. Аднак сам гамяльчук паведаміў Еўрарадыё, што звяртацца туды не плануе.

Нагадаем, што сёлета Аляксандр Лукашэнка змяніў дату нараджэння з 30 на 31 жніўня.