Заіка: Беларусь, на жаль, не была ў крызісе

Беларусь паспяхова выйшла з эканамічнага крызісу, не дапусціўшы падзення ВУП. Пра гэта 2 лютага заявіў кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Эканаміст Леанід Заіка, у сваю чаргу, кажа, што нашая краіна і не была ў крызісе. Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце такую заяву кіраўніка місіі МВФ?

Заіка: Справа ў тым, што сам МВФ з'яўляецца віноўнікам міравога крызісу. І яны настолькі разгубіліся пару гадоў таму, што пайшлі самым простым шляхам: тое, што яны лічаць крызісам, пачалі гасіць грашовымі ўліваннямі, каб аднавіць узровень вытворчасці без якасных зменаў у эканоміцы. Калі Міжнародны валютны фонд убачыў, што ў Беларусі адбываецца прырост пад 7% ВУП, то з радасццю абвесціў, што яна перайшла да посткрызіснага этапа развіцця. А Беларусь увогуле ў крызісе не была.

Еўрарадыё: Гэта добра, што ў нас не было крызісу?

Заіка: На жаль, крызіс мы не прайшлі. Але ў нас тое ж самае, што і было 20 гадоў назад. Крызіс змяняе, рэструктуруе сусветную вытворчасць, ён выкідвае непатрэбнае. Мы проста адрэагавалі на сусветную рэцэсію, знялі напружанасць у фінансавай сферы. У нас няма фінансаў, у нас няма фінансавага рынку, а крызіс — ён іпатэчны, фінансавы быў. Таму любы місіянер можа прыязджаць з МВФ і пабачыць пазітыўныя лічбы. Скажам, экспарт вырас на 22%. 21 з гэтых 22% — дзякуючы росту цэнаў на сусветных рынках. Атрымліваецца, што беларусы нічога не прадалі больш, чым у мінулым годзе, а мінулы год лічыцца крызісным. На сусветных рынках мы засталіся такімі ж нецікавымі, а кіраўніцтва маўчыць — яно гатовае радавацца любым чыноўнікам міжнародных арганізацыяў, якія, я зноў паўтаруся, і стварылі гэты крызіс.

Еўрарадыё: Але ўсе ж старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч паведаміў, што ў нас вялікае адмоўнае сальда...

Заіка: Адмоўнае сальда не з'яўляецца такой кепскай сітуацыяй, бо яно можа быць кампенсавана даплывам капіталу і добрым кіраваннем грашовымі плынямі. Пракаповіч бачыць, што "растае" залаты запас. Самым дрэнным з'яўляецца тое, што насельніцтва жыве не па сродках. Беларусы так "раскачагарыліся" жыць прыгожа, што каэфіцэнт нормаашчаджэння ў Беларусі 5%. Атрымліваецца, што чалавек атрымлівае сто долараў, 5% пакідае на ашчаджэнне, а астатняе ўсё — на пэрфомансы, на праяданне і на іншае. З 5-адсоткавай нормай ашчаджэння ні адна краіна: ні Японія, ні ЗША — ніколі не зрабілі б сваю эканоміку! А тут знайшлі праблему ў сальда...


Фота: Белсат