Заіка: Беларусь працягвае распрадаваць расіянам сваю маёмасць

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ва ўмовах буйнога скарачэння экспарту ў Расію, беларускія ўлады папросту хочуць прадаць значную частку нафтаперапрацоўчага комплексу на Ўсход.
Такія высновы беларускі эканаміст зрабіў пасля заявы першага віцэ-прэм’ера Ўладзіміра Сямашкі наконт хуткай прыватызацыі комплексу “Нафтан-Палімір”. Прычым чыноўнік не адзначыў, што расійскія кампаніі задавальняюць беларускі бок.

Заіка: “Беларусь растрачвае свой эканамічны патэнцыял. Толькі ў гэтым годзе ў нас скараціліся экспартныя продажы ў Расію ўдвая. То бок мы пазбавіліся паловы даходаў краіны на ўсходнім вектары. Таму кіраўнік краіны знаходзіцца ў сітуацыі маральнага і матэрыяльнага прэсінгу. Таму Расія дачакалася моманту, калі Беларусь у цяжкім становішчы. Таму і прапаноўвае абмяняць нерухомасць на пэўную матэрыяльную падтрымку”.

На думку спадара Заікі, такія рашэнні былі прынятыя пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева ў Маскве.