Замежнік спрабаваў вывезці ў Аўстрыю дачку кантрабандай

Прадстаўнікі трох дыпламатычных місій — Турцыі, Расіі ды Вялікабрытаніі — удзельнічалі ў разглядзе затрымання, праведзенага 20 верасня памежнікамі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Як паведамляе БелаПАН, 20 верасня 30-гадовы пасажыр, які вылятаў з дзевяцігадовай дзяўчынкай у Аўстрыю, на лініі пашпартнага кантролю прад'явіў падроблены дакумент. Мужчыну і дзіця затрымалі для разгляду. Неўзабаве высветлілася, што затрыманы мае два грамадзянствы — Турцыі і Вялікабрытаніі. Дзяўчынка — яго родная дачка. Мужчына сцвярджаў, што не ведае, дзе яго жонка, маці дзіцяці, і што з ёй, бо яны даўно не кантактуюць і не жывуць разам. Турэцкая амбасада аператыўна падала затрыманым пасведчанні на вяртанне.

Аднак і дзяўчынка мела падвойнае грамадзянства — турэцкае і расійскае. Прычым расійскія праваахоўнікі на той час ладзілі яе вышук. Прадстаўнік расійскай амбасады ў Мінску падаў копію заявы маці дзяўчынкі, жыхаркі Сергіева-Пасаду, пра знікненне дзіцяці, а таксама рашэнне суда, паводле якога бацька не меў права вывозіць дзіця з тэрыторыі Расіі без згоды маці.

Мужчына, відавочна, прадугледжваў наяўнасць такой заявы, таму і запасся падробленым дакументам. Затрыманы заявіў, што два гады таму маці сілком вывезла дзяўчынку з Англіі, дзе яна жыла разам з ім.

За парушэнне правілаў перасячэння дзяржаўнай мяжы мужчыну аштрафавалі на 20 базавых велічыняў. Мужчыну дэпартавалі з краіны з забаронай на пяць гадоў заязджаць у яе.

Дзяўчынку перадалі расіянам для вяртання маці.