Занкавец: Хакейную зборную трэба тэрмінова амаладзіць

Адной з прычын, якія прывялі зборную Беларусі па хакеі да не вельмі ўдалага выступу на чэмпіянаце свету ў Нямеччыне, стаў высокі сярэдні ўзрост гульцоў.  На гэтым падчас паседжання выканкаму Федэрацыі хакею, які праходзіць у Мінску, завастрыў увагу галоўны трэнер нацыянальнай каманды Эдуард Занкавец:

Эдуард Занкавец:
"Штогадова мы мусім рыхтаваць па тры маладыя хакеісты для зборнай. Пачаць трэба ўжо сёлета, падчас агульнага збору нацыянальнай і юніёрскай камандаў. І прытрымлівацца гэтай стратэгіі да 2014 года".

Старшыня Федэрацыі хакею Яўген Ворсін зазначыў, што да чэмпіянату свету 2014 года, які пройдзе ў Беларусі, склад нацыянальнай зборнай мусіць на траціну змяніцца за кошт маладых гульцоў.

Пры гэтым Эдуард Занкавец адзначыў, што склад хакейнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету быў аптымальным. Падвялі ж беларусаў, на думку галоўнага трэнера, тактычныя хібы, і найперш ― няздольнасць абаронцаў эфектыўна гуляць у меншасці і ў атацы.

Эдуард Занкавец: "Вялікай праблемай на будучыню застаюцца брамнікі. За спінай у Мезіна і Коваля няма нікога... Далей ― абаронцы. Нашмат горш, чым летась, мы згулялі ў меншасці. І тое, чым паспяхова карыстаюцца ўсе вядучыя зборныя свету: абаронцы павінны хутка пераходзіць у атаку і там гуляць на пазіцыі нападнікаў. У нас гэта не атрымалася".