Запасаў нафты на беларускіх заводах хопіць толькі да канца студзеня

Запасаў сыравіны на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах , куды расійскія кампаніі спынілі пастаўкі да завяршэння перамоў па кантрактоўцы нафты, хопіць да канца студзеня, піша газета "Ведомости" са спасылкай на заяву прэс-сакратара беларускага дзяржканцэрна "Беннафтахім" Марыны Касцючэнка, перадае РИА Новости.

Паводле падпісанай напачатку снежня беларуска-расійскай міжурадавай дамовы, з 1 студзеня Беларусь павінна была пачаць атрымліваць бязмытную расійскую нафту. Дамова павінна была набыць моц пасля ратыфікацыі беларускім парламентам пакета з 17 дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана. Парламент 21-22 снежня ратыфікаваў гэтыя дамовы і двухбаковае пагадненне пра раздзел экспартных мыт на нафту і нафтапрадукты.

Калі могуць быць падпісаны дамовы, Касцючэнка выданню не паведаміла, адзначыўшы, што транзіт расійскай нафты ў Еўропу ідзе ў штатным рэжыме, а запасаў на беларускіх заводах хопіць да канца студзеня - гэта снежаньская нафта з Расіі і сыравіна з Венесуэлы, пастаўкі якой працягваюцца.

Што будзе з транзітам, калі дамовіцца з Расіяй да канца студзеня не атрымаецца, Касцючэнка выданню таксама не адказала.