Заробак беларусаў упаў толькі на 6 тысяч?

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці ўплывае на сярэдні заробак па краіне няпоўны працоўны тыдзень Сярэднемесячны заробак за люты, паводле звестак Белстата, складае 906,2 тысячы рублёў. Гэта ўсяго на 6 (!) тысячаў меней за студзень (912,2 тысячы). І гэта калі стужкі навінаў паведамляюць пра перавод працаўнікоў на няпоўны працоўны тыдзень?

Але ў апошні месяц мінулага году беларусы зарабілі 1 мільён рублёў. Такім чынам, за два месяцы страцілі адразу 94 тысячы. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як няпоўны працоўны тыдзень адбіваецца на заробках, якія падае Белстат.

Інфармацыя па заробках, згодна са словамі начальніка Галоўнага ўпраўлення статыстыкі працы Ганны Пехцеравай, прыходзіць ад саміх прадпрыемстваў:

Ганна Пехцерава: “Справаздачы паступаюць па месцы знаходжання органаў, дзе прадпрыемства знаходзіцца. А на рэспубліку ўжо прыходзяць у разрэзе абласцей”.

У Міністэрстве працы не адмаўляюць, што заробкі з-за няпоўнага працоўнага тыдня панізіліся:

“Калі чалавек не працуе поўны працоўны тыдзень, значыць ён не атрымлівае ўсю стаўку. Таму натуральна, што заробкі паменшыліся, калі прадпрыемствы не працуюць увесь тыдзень”.

Пытанне толькі — наколькі? Цікава, што атрымаць звесткі пра колькасць прадпрыемстваў, якія працуюць па скарочаным графіку, немагчыма!

Паводле слоў кіраўніка аддзела сацыяльнай эканомікі Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Цімафея Барсукова, гэта з-за “гнуткага графіку”.

Цімафей Барсукоў: “У іх гнуткі такі графік: сёння працуюць, заўтра пераводзяць на скарочаны працоўны дзень ці працоўны скарочаны тыдзень”.

Паводле слоў лідэра дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, можна казаць пра сотні тысячаў чалавек, якія так працуюць:

“Гэта ўжо закранае абсалютную большасць працоўных калектываў, многіх працоўных — размова можа весціся нават пра сотні тысячаў працаўнікоў”.

Згодна з разлікамі аднаго з прафсаюзных лідэраў Аляксандра Бухвостава, заробак у прамысловасці ўпаў адчувальна:

Аляксандр Бухвостаў: “Паводле нашых ацэнак, на 50% заробак упаў”.

Прафсаюзная газета “Беларускі час” тым часам распавядае пра праблемы Брэсцкага заводу бытавой хіміі. У студзені, як кажа старшыня прафкому Яўген Кісялёў, заробак на прадпрыемстве з-за скарочанага працоўнага тыдня знізіўся больш чым на 100 тысяч рублёў.

Такія звесткі амаль супадаюць з Белстатам (мінус 88 тысяч за студзень). Вось толькі сярэдні заробак іншы: па краіне 912 тысяч, у працаўнікоў Брэсцкага заводу бытавой хіміі — 592 тысячы. Такім чынам, на прадпрыемстве заробак упаў на 15%, а па краіне знізіўся ўсяго на 1%.


Фота — Газета.ру