Затрымалі грамадзянаў Ізраілю, якія прадавалі беларусак у бардэлі

Паліцыянты Тэль-Авіву затрымалі трох грамадзянаў Ізраілю, якія падазраюцца ў тым, што схілялі ды прымушалі некалькіх беларусак займацца прастытуцыяй, перадае Радыё Свабода. Як паведаміла прэсавая служба паліцыі ізраільскім СМІ, гэтыя мужчыны адабралі ў іншаземак пашпарты і замкнулі ў адной тэль-авіўскай кватэры, куды пастаўлялі “кліентаў”. Жанчыны, аднак, змаглі ўцячы ад гандляроў “жывым таварам” і вярнуцца ў Беларусь. Пра гэта здарэнне яны расказалі мясцовым праваахоўным органам. Падазраваных затрымалі.

У паліцыі адзначаюць, што ўсе трое ізраільцянаў не з’яўляюцца рэпатрыянтамі з былога СССР. Згодна з інфармацыяй следства, размова ідзе пра буйную сетку гандляроў жанчынамі, у якую ўваходзілі як карэнныя ізраільцяне, так і былыя савецкія грамадзяне. За апошнія амаль 10 гадоў яны вывезлі з Беларусі, Украіны, Расіі, Малдовы, Узбекістану звыш 130 жанчын і прадалі іх у бардэлі Ізраілю, Нямеччыны, Грэцыі, Нідэрландаў, і ААЭ.