Апошні непакараны заяўнік “Чарнобыльскага
шляху” Анатоль Сідарэвіч накіраваў заяву ў УУС Савецкага раёна. У ёй грамадскі
дзеяч асуджае метады, якімі карыстаюцца супрацоўнікі праваахоўных органаў, “замест таго, каб законным шляхам рассылаць
людзям позвы ў міліцыю і суд”. У прыватнасці, спадар
Сідарэвіч піша:
“18 мая па месцы маёй прапіскі прыйшлі двое. Іх задача была такая ж, што і
ў дачыненні да маіх калег па “Чарнобыльскім шляху-2007” Валянціны Палевіковай,
Юрася Зянковіча і Аляксея Янукевіча: уручыўшы позву, адразу ж узяць чалавека “пад
белыя ручкі” і даставіць у РУУС. Гэтае “мерапрыемства” мае на мэце не толькі
прынізіць канкрэтнага грамадзяніна, але і запалохаць ягоных суседзяў, а калі
можна - настроіць суседзяў супроць гэтага канкрэтнага грамадзяніна.
На шчасце, мае суседзі ведаюць, з кім маюць справу, і вераць міліцыі не
больш, чым сярэдні беларус (а рэйтынг вашае службы, Вы самі ведаеце, даволі
нізкі). На шчасце, яны ведаюць, што міліцыя ў нас даўно стала інструментам
палітычнага тэрору”.
Не жадаючы, каб “сваімі
званкамі ў дзверы і хамствам” людзі ў форме “трывожылі сумленных людзей”, Анатоль
Сідарэвіч абяцае сёння прыйсці ў Савецкае РУУС, каб атрымаць позву ці пачытаць
пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
“Я ўпэўнены, што гэты пратакол з’яўляецца
братам-блізнюком пратаколаў на В. Палевікову, Ю. Зянковіча і А. Янукевіча, –
піша спадар Сідарэвіч. – Спадзяюся, Вашы падначаленыя не напісалі, што я
прылюдна спраўляў малую патрэбу, выкрываючы пры гэтым антыпрэзідэнцкія лозунгі
і размахваючы рукамі. Бо хто гэтаму паверыць?”