“Зайцоў” хапалі “кантралёры” з міліцэйскімі дубінкамі

Праз нейкі час хлопцаў і дзяўчат адпусцілі на волю, але папярэдзілі, што яны больш не студэнты. Каля двухсот студэнтаў у нядзелю выйшлі на плошчу Бангалор і плошчу Незалежнасці, пераапрануўшыся “зайцамі”, каб сказаць свое “фэ” магчымай адмене льготаў. Студэнты спрабавалі дабіцца дазволу на акцыю ў Парку дружбы народаў. Але ім было нечакана адмоўлена. Мінгарвыканкам спаслаўся на тое, што там будзе адбывацца “прыборка тэрыторыі і рамонт інвентарнага абсталявання”. Дарэчы, апазіцыянерам звычайна дазваляюць праводзіць акцыі на Бангалор. Відаць, сёння ўлада баіцца сацыяльных акцый больш, чым палітычных…

Гэта не спыніла “зайцоў” (некаторыя ўдзельнікі шэсця былі апранутыя ў аранжавыя майкі, якія і былі адметнасцю акцыі пратэсту. На іх выяўлены абрыс вушэй зайца і напісана: "Без квітка, бо ільготаў няма!").…

Еўрарадыё прапануе вандроўку па LiveJournal, дзе свае ўражанні выкладалі тыя, хто непасрэдна прымаў удзел у акцыі і бачыў усе дзеянні на свае вочы.

Юзер ant1killer у сваім блогу вельмі падрабязна і эмацыйна апісаў падзей акцыі:

“У 16 гадзін я прыйшоў у парк Дружбы Народаў. Адразу на ўваходзе мяне спынілі супрацоўнікі ў цывільным, падбеглі АМАПаўцы, паглядзелі рэчы і папярэдзілі, што калі буду парушать грамадскі парадак, яны мяне затрымаюць.

Недзе праз паўгадзіны: сяджу на лавачцы, пад'язджае трактар, вылазіць дзядзька і кажа, каб я сышоў, а лавачкі яны будуць дэмантаваць. Толькі я дастаў здымач, падбягаюць чатыры АМАПаўцы і забіраюць мяне. Зноў догляд уласных рэчаў, пажмякалі мой здымач, перапісалі звесткі і папярэдзілі, што "я больш не студэнт".

Ля “Макдональдсу” ўжо была моладзь, некалькі дзесяткаў.
Невялічкі натоўп пачынае рухацца ў бок праспекту. Кажуць, што ідуць на пл.Якуба Коласа.
Пакуль мы дайшлі да ўніверсама “Рыга” натоўп крыху пабольшаў. І не было ніводнага міліцыянта!!!

Каля універсаму да натоўпу пад'ехала ДАІшная машына, а таксама "Шкода" з людзьмі ў цывільным, якія суправаджалі натоўп да скрыжавання Сурганава-Коласа. На скрыжаванні пад'ехаў аўтобус з АМАПам і УАЗік.

З аўтобуса выйшлі два АМАПаўцы з “мацюгальнікам” і нешта сказалі натоўпу. У гэты час на скрыжаванні з'явіўся аўтазак. Аб'ехаў натоўп. І пачаліся затрыманні...

Гэта ўсё адбывалася насупраць першага інтэрнату БДУІР. Перад уваходам стаялі АМАДаўцы (мясцовая ахова) і нейкае начальства БДУІР. АМАДаўцы не пускалі нікога ў інтэрнат, а начальства нешта гарлала на нас.

Далей. Праходзім БДУІР, БНТУ. Стаяць міліцэйскія машыны. Людзей увогуле няма. Падыходзім да плошчы Якуба Коласа. Адразу відаць міліцыянтаў, людзей у цывільным з рацыямі, стаяць "ініцыятыўшчыкі". Ніякага руху.

Рухаемся далей. Парк Янкі Купалы. Усе ўваходы "зачыненыя". Стаяць АМАПаўцы і даглядаюць кожнага.

У самім скверы вельмі шмат АМАПаўцаў. Ледзь патрапіў у парк. Усюды АМАП, акцыю зрабіць немагчыма. Збіраюся ехаць дахаты. Тэлефануе сябра і кажа, што на пл.Незалежнасці збіраецца моладзь. Еду туды”. http://ant1killer.livejournal.com/59105.html

Хроніку падзей, што адбывалася ў гэты ж час на плошчы Незалежнасці мы знайшлі ў камьюніці minsk_news:

19.10 Рознымі групамі студэнты скіроўваюцца ў бок пл. Незалежнасьці. Частка ўдзельнікаў акцыі едзе на метро.
19.25 На пл. Незалежнасці знаходзіцца каля 50 студэнтаў. Супрацоўнікаў міліцыі амаль не відаць
19.40 На плошчы блізу 70 студэнтаў, яны гуляюць у "‘зайца-кантралёра" (штосьці накшталт дзіцячай гульні “кошкі-мышкі”).
19.52 Калона, да якой далучыліся некалькі чалавек, цяпер у раёне будынку КДБ. Моладзь скандуе: “Студэнтам патрэбны льготы”. Замыкаюць калону два міліцыянты з усмешкамі.
20.00 Удзельнікі акцыі пратэсту ідуць у бок скрыжавання Гарадзкога Валу з вуліцай Інтэрнацыянальнай. Пад'язджае аўтазак і аўтобус з АМАПам, людзі пачынаюць бегчы. Пачынаюцца затрыманні.
20.20 Каля Макдональдса на Кастрычніцкай затрыманыя блізу 15 чалавек.
20.30 Паводле некаторай інфармацыі, некалькі затрыманых адвезлі ў раён Інстытуту культуры і там адпусцілі.
20.34 Праспект Незалежнасці патрулююць спецназаўцы.
20.38 Студэнтаў адпускалі ў розных месцах, каб тыя не змаглі зноў сабрацца разам. Частку затрыманых высадзілі на Парашутнай вуліцы.