Збеглага са спецназу вайскоўца шукаюць ужо тыдзень
Ва ўнутраных войсках ня бачаць прычынаў, з-за якіх Мікіта Касцюковіч мог пакінуць службу. Камандаванне заклікае яго самастойна вярнуцца ў частку.
На сёння няма інфармацыі пра тое, дзе можа знаходзіцца хлопец, кажуць ва ўнутраных войсках. Нагадаем, Касцюковіч самавольна збег з тэрміновай службы. 22 лістапада ён пакінуў брыгаду спецназу ўнутраных войскаў Беларусі. Зброі з сабой ён не меў. Цяпер вядуцца пошукі, паведаміў Еўрарадыё начальнік прэс-службы ўнутраных войскаў Сяргей Кабаковіч.
Кабаковіч: "Яўных фактаў і матывацый, паводле якіх вайсковец пакінуў частку, няма. Радавы праслужыў амаль год. З боку камандавання характарызаваўся станоўча. Цяпер справай займаецца вайсковая пракуратура".
У пошуку збеглага ўдзельнічаюць як унутраныя войскі, так і міліцыянты. Колькі менавіта чалавек шукаюць Мікіту Касцюковіча, не паведамляецца.